Сінод: неўзабаве будзе распаўсюджана Пасланне да народа Божага
Марыя Валодзіна - Vatican News
Новы тыдзень Сінода распачаўся ў панядзелак, 23 кастрычніка, з Эўхарыстыі на алтары базілікі святога Пятра, якую ўзначаліў арцыбіскуп Янгона, кардынал Чарльз Бо. Затым у прысутнасці Францішка прайшла XVI генеральная кангрэгацыя Сінода Біскупаў, у якой прынялі ўдзел 350 чалавек. З прамовамі і духоўнымі разважаннямі выступілі айцец Цімаці Рэдкліф, сястра Марыя Ігнацыя Анджэліні і аўстралійскі тэолаг, ксёндз Орманд Раш. Пасля гэтага было агучана і абмеркавана Пасланне да народа Божага.
На брыфінгу для журналістаў, які прайшоў 23 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане, старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода паведаміў, што Пасланне да народа Божага было сустрэта апладысментамі і будзе апублікавана ў сераду, 25 кастрычніка, пасля ўнясення “невялікіх прапаноў па рэдагаванні тэксту, асабліва што тычыцца перакладаў на розныя мовы". Што да падагульняючага дакумента (сінтэза) Сінода, то галасаванне запланавана на 28 кастрычніка. У той жа дзень увечары яно будзе абнародавана, - праінфармаваў прэфект.
Прырода Сінода не змянілася
На крытыку Сінода Біскупаў, у якім у якасці дэлегатаў прымаюць удзел свецкія, адказаў кардынал Шонбарн. Ён падкрэсліў, што, на яго думку, гэта не праблема, паколькі сход застаецца Сінодам Біскупаў, у якім аднак удзельнічаюць не толькі біскупы. Сінод Біскупаў служыць для ажыццяўлення калегіяльнай адказнасці. Яго прырода не змянілася, ён проста пашырыўся, і гэта станоўчы досвед. З іншага боку, на Сінодах заўсёды прысутнічалі свецкія эксперты, удзел некаторых з іх меў вялікае значэнне. Зараз гэтыя адносіны сталі значна больш цесныя: Сінод Біскупаў з пашыраным удзелам, - удакладніў кардынал Шонбарн.
Змены ў Катэхізіс можа ўнесці толькі Папа
У адказ на пытанне пра тое, што некаторыя сексуальныя меншасці могуць адчуваць сябе пакрыўджанымі словамі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які спасылаецца на маральны "беспарадак", кардынал Шонбарн нагадаў, што ён сам быў сакратаром рэдакцыі Катэхізіса. Па яго словах, Катэхізіс – гэта твор Касцёла, распаўсюджаны Папам. За гэты час у яго было ўнесена толькі адно змяненне, якое тычылася смяротнага пакарання. Ці будуць іншыя, гэта залежыць толькі ад рашэння Пантыфіка.
Іерарх рэкамендаваў заўсёды "чытаць тэксты ў цэлым". Гэтыя тэмы тычацца маральнай тэалогіі, і прынцып заключаецца ў тым, што “існуе аб'ектыўны парадак, і ёсць чалавечыя асобы”, - дадаў ён. “Людзі заўсёды маюць права на павагу, нават калі яны грашаць, мы ўсё грашым, я таксама. Мы маем права на павагу. Мы маем права быць прынятымі", як прымае Бог, - сказаў кардынал Шонбарн.
Нарэшце, іерарх патлумачыў, што існуе нязменнасць веры: нельга змяніць вучэнне аб Тройцы, Уцелаўленні або Эўхарыстыі. На гэтым паўсюль у свеце грунтуецца вера, і нягледзячы на разнастайнасць культур, сутнасць веры не можа быць зменена, - сказаў кардынал Шонбарн.