Пошук

2023.10.04 Sinodo dei Vescovi - Congregazione Generale

Спецыяльны сакратар Сінода: cінадальны Касцёл – прароцкі знак

“Сінод 2021-2024, у якім прынялі ўдзел мільёны людзей па ўсёй планеце, можна акрэсліць як партыцыпацыйны эксперымент, магчыма, найбуйнешы з калі-небудзь праведзеных у свеце”.

Ян Глінскі

Такую думку выказалі спецыяльны сакратар Сінода ксёндз Джакама Коста і адзін з экспертаў XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў аб сінадальнасці Паола Фальіца

“Каб дасягнуць гэтага, трэба было стварыць прылады для слухання людзей у розных лакальных кантэкстах, дзе прысутны Касцёл”, - адзначыў італьянскі эксперт.

“У дынаміцы дыялогу на розных узроўнях (мясцовым, нацыянальным, кантынентальным і паўсюдным) Касцёлы ва ўсім свеце нанова адчытвалі ўласны досвед, каб лепш зразумець, што азначае “ісці разам” як веруючым у Хрыста і пасланым абвяшчаць Яго Евангелле”, - прыводзіць словы ўдзельнікаў асамблеі часопіс Aggiornamenti Sociali.

У працоўным дакуменце (Instrumentum laboris), падрыхтаваным да асамблеі, змешчаны “пытанні, якія скіроўваюць у будучыню, а значыць вызначаюць крокі, якія Касцёл адчувае сябе пакліканым зрабіць, каб узрастаць у сваім сінадальным вымярэнні”.

Вынікі сінадальнага разважання будуць вернуты да мясцовых Касцёлаў, каб узбудзіць “назіранні, напрыклад тэалагічныя і кананічныя, але перш за ўсё для таго, каб хрысціянскія супольнасці ва ўсім свеце маглі адрэагаваць” на высновы сінадальнай дыскусіі. На гэтай аснове ў кастрычніку 2024 года падчас другой сесіі асамблеі будзе “завершана распазнаванне, а яго плён прадстаўлены Папу”.

Для дадзенага сінадальнага працэсу важнае значэнне мае ўдзел у ім, а таксама паглыбленне “ўсведамлення таго, што Касцёл адчувае сваё пакліканне быць прасторай інтэграцыі без бар’ераў ля ўваходу”. І тут “акцэнт на прыняцці базуецца не на пацвярджэнні правоў асобы”, а на “дынамізме ўдзелу”, які “ставіць у цэнтр агульную місію” і магчымасць унёску кожнага.

На думку ўдзельнікаў Сінода, дыялог аб лідарстве і кіраванні можа прынесці шмат карысці, у тым ліку ў пошуку новых падыходаў да праблем, якія закранаюць дэмакратычныя сістэмы. Як ужо падкрэслівалася ў 2021 годзе ў падрыхтоўчым дакуменце, “Сінадальны Касцёл з’яўляецца прароцкім знакам, асабліва для супольнасці народаў, якія не могуць прапанаваць супольны праект, дзякуючы якому можна было б імкнуцца да дабра ўсіх”.
 

06 кастрычніка 2023, 07:57