Пошук

Старшыня Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28 Султан аль-Джабэр на аўдыенцыі ў Папы Старшыня Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28 Султан аль-Джабэр на аўдыенцыі ў Папы  (Vatican Media)

Старшыня COP28: скараціць выкіды на 22 гігатоны да 2030 года

Праз тыдзень пасля публікацыі Апостальскай адгартацыі Laudate Deum, якая змяшчае заклік Папы адказаць на кліматычны крызіс, старшыня Канферэнцыі COP28 даў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

11 кастрычніка 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі Султана аль-Джабэра, міністра прамысловасці і перадавых тэхналогій Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і старшыню Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28, якая адбудзецца 30 лістапада - 12 снежня 2023 года ў Дубаі.

У інтэрв'ю Vatican News Султан аль-Джабэр акрэсліў мэты Канферэнцыі COP28, асноўная з якіх - утрымліваць павышэнне тэмпературы ў межах 1,5 градусаў Цэльсія. Аналіз глабальнай сітуацыі паказаў, наколькі мы далёкія ад гэтай мэты. Цяпер для яе дасягнення неабходна да 2030 года скараціць выкіды на 22 гігатоны. “Як мы бачым кожны дзень у навінах, змена клімату ўжо ўплывае на нас, і мы павінны адаптавацца да гэтай змены. У канчатковым рахунку, каб справіцца са зменай клімату, мы павінны паставіць людзей і планету ў цэнтр”, - падкрэсліў эксперт.

Распрацаваная для COP28 праграма дзеянняў уключае чатыры асноўных кампанента: паскарэнне пераходу да аднаўляльнай энергетыкі, рэгуляванне фінансавання дзейнасці па барацьбе са зменай клімату, засяроджванне ўвагі на прыродзе, людзях, іх жыцці і сродках да існавання, а таксама забеспячэнне поўнай інклюзіўнасці. “Надышоў час аб'яднаць свет і дзейнічаць разам, каб прапанаваць дзейсныя рашэнні кліматычнага крызісу”, - сказаў старшыня Канферэнцыі па клімату.

На просьбу пракаментаваць нядаўнюю Апостальскую адгартацыю Францішка Laudate Deum Султан аль-Джабэр зазначыў, што вітае заклік Папы да актывізацыі дзейнасці ў галіне змены клімату і падзяляе яго надзею на тое, што COP28 прывядзе да рашучага паскарэння пераходу да аднаўляльнай энергетыкі.

Каб застацца ў межах 1,5 градусаў Цэльсія, неабходна скараціць штогадовыя выкіды на 43% да 2030 года. Трэба тэрмінова пабудаваць энергетычную сістэму, якая б не выкарыстоўвала ніякіх відаў выкапнёвага паліва, у тым ліку вугалю. Гэты пераход павінен быць адказным і справядлівым, асабліва ў дачыненні да 800 мільёнаў чалавек, якія сёння не маюць доступу да энергіі. Было б безадказна адключаць сённяшнюю энергетычную сістэму, перш чым пабудаваць новую. Неабходна засяродзіцца на выкідах незалежна ад іх крыніцы, і прызнаць, што ў агляднай будучыні ў энергетычным сектары будзе шмат відаў паліва. Трэба іх збалансаваць і скараціць выкіды. Неабходна абмяжоўваць выкіды, а не прагрэс, - лічыць старшыня Канферэнцыі COP28.

У Апостальскай адгартацыі Laudate Deum Францішак не хавае свайго расчаравання тым, што папярэднія абяцанні па абароне клімату не былі выкананы. На пытанне аб тым, як COP28 можа выправіць гэты курс, Султан аль-Джабэр адказаў, што Канферэнцыя імкнецца перайсці ад абяцанняў да праектаў, ад пагадненняў да дзеянняў. “Фінансаванне з'яўляецца ключом, які можа вывесці з цяперашняга тупіка”, - сказаў эксперт.

Папа паскардзіўся на адсутнасць міжнародных арганізацый, якія б гарантавалі выкананне абавязацельстваў па клімату, і заклікаў да новай "шматбаковасці знізу ўверх", на што старшыня канферэнцыі адказаў, што празрыстасць мае цэнтральнае значэнне для паспяховай барацьбы са зменай клімату. “Мы імкнемся прыцягнуць усіх і зрабіць COP28 самай інклюзіўнай Канферэнцыяй бакоў за ўсю гісторыю”, - падкрэсліў ён, дадаючы, што ў форуме прымуць удзел моладзевыя дэлегаты, 1000 мэраў, 200 прадстаўнікоў стартапаў у галіне кліматычных тэхналогій, а таксама прадстаўнікі вернікаў, карэнных народаў і жанчын.

Напрыканцы інтэрв'ю Султан аль-Джабэр адзначыў, што Аб'яднаныя Арабскія Эміраты прымаюць COP28 “з вялікім пачуццём адказнасці, глыбокім пачуццём пакоры і выразным адчуваннем тэрміновасці”, “поўныя рашучасці зрабіць так, каб форум стаў платформай, якая спрыяе прагрэсу дзякуючы супрацоўніцтву”.

12 кастрычніка 2023, 11:33