Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота Базіліка святога Пятра. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад будзе шукаць работнікаў праз інтэрнэт

24 кастрычніка 2023 года пачаў дзейнічаць новы сайт ватыканскага Сакратарыята па эканамічных пытаннях. З яго дапамогай можна пазнаёміцца з вакансіямі або падаць заяўку на працу ў структурах Святога Пасаду.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Інфармацыя пра вакантныя месцы для свецкіх вернікаў, якія хацелі б працаваць у ватыканскіх структурах, а таксама з патрабаваннямі да кандыдатаў, будзе размяшчацца ў раздзеле Працуй з намі. Там жа можна прадставіць сваю кандыдатуру на працоўнае месца, якое стала вакантным ці павінна вызваліцца ў бліжэйшы час, або даслаць рэзюмэ, не прывязваючы яго да канкрэтнай вакансіі.

“Цэнтральным пытаннем эканамічнай рэформы з’яўляецца кадравае пытанне”, - падкрэсліў у каментары для Vatican News Максіміна Кабальера Леда, прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях, дадаючы, што “для здзяйснення рэформ і выканання місіі Святога Пасаду патрэбныя людзі з адпаведнымі кампетэнцыямі, матывацыяй і, перш за ўсё, маральнымі якасцямі”.

У ватыканскім ведамстве адзначаюць, што дзякуючы змяшчэнню на сайце інфармацыі пра вакансіі і патрабаванні да кандыдатаў, можна будзе ахапіць вялікую колькасць зацікаўленых людзей. “Часта здараецца, што Дыкастэрыі ці аддзелы звяртаюцца з запытамі адносна персаналу з пэўнай спецыялізацыяй, напрыклад моўнай або тэхнічнай, які нялёгка знайсці. Дзякуючы новаму сайту будзе аблегчана камунікацыя паміж запытам і прапановай”, - сказаў Луіс Эрэра, кіраўнік Аддзела чалавечых рэсурсаў Апостальскай Сталіцы.

На дадзены момант у раздзеле Працуй з намі размешчаны чатыры працоўныя вакансіі: шукаюцца людзі з кампетэнцыямі ў сферы фінансаў і нерухомасці, а таксама носьбіт партугальскай мовы для працы на пасадзе рэдактара ў важным ватыканскім СМІ.
 

24 кастрычніка 2023, 13:10