Святы Пасад: пераадолець нецярпімасць да спадчыны карэнных народаў
Марыя Валодзіна – Vatican News
Арцыбіскуп Габрыэле Кача, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, нагадаў аб правах карэнных народаў, выступаючы 9 кастрычніка 2023 года на сесіі Генеральнай Асамблеі ў Нью-Ёрку.
Іерарх падкрэсліў важнасць захавання культур, моў, традыцый і духоўнасці карэнных народаў. Ён заклікаў дзяржавы-члены ААН прызнаць ролю карэнных народаў у ахове навакольнага асяроддзя і культурнай спадчыны.
Абарона навакольнага асяроддзя
Ватыканскі дыпламат высока ацаніў гарманічныя адносіны карэнных народаў з навакольным асяроддзем і іх ролю ў барацьбе са зменай клімату шляхам павышэння ўстойлівасці экасістэм. Ён адзначыў, што на землях карэнных народаў захоўваецца значная частка сусветнай біяразнастайнасці, што робіць іх адказнымі за намаганні па яе захаванню.
Арцыбіскуп Кача выказаў занепакоенасць з нагоды ўтварэння запаведнікаў без папярэдніх кансультацый з карэннымі народамі або іх згоды. "Гэта можа прывесці да дадатковых парушэнняў правоў чалавека, такіх як гандаль людзьмі, прымусовая праца і сэксуальная эксплуатацыя”, - сказаў ён.
Павага да культурнай спадчыны карэнных народаў
Прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на важнасць павагі да культурнай спадчыны карэнных народаў, “іх ведаў, досведу, практыкі, рэчаў і месцаў". Ён падкрэсліў важнасць адкрытага дыялогу пры павазе асноўных правоў і свабод карэнных народаў.
Неабходна прасоўваць культуру сустрэчы як супрацьдзеянне гістарычнай і статычнай замкнёнасці, якая адхіляе любое змешванне, - працытаваў арцыбіскуп Кача апостальскую адгартацыю Францішка Querida Amazonia (Дарагая Амазонія).
Пераадолець нецярпімасць
Іерарх выказаў занепакоенасць дзейнасцю, якая ператварае культуру карэнных народаў у тавар і вядзе да экспрапрыяцыі іх зямель і рэсурсаў. Ён падкрэсліў неабходнасць развіцця ўстойлівага турызму, які паважае прыродныя і сацыяльныя экасістэмы і не навязвае карэнным народам стандартызаваны лад жыцця.