Святы Пасад у ААН: абараняць годнасць і правы чалавека
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у пасяджэнні, прысвечаным пытанням абароны правоў чалавека. Яно прайшло 18 кастрычніка 2023 года ў рамках 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.
75-я гадавіна прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і 30-я гадавіна Венскай дэкларацыі і Праграмы дзеянняў з'яўляюцца выдатнай нагодай для таго, каб задумацца аб правах чалавека ў сучасным свеце і пацвердзіць абавязацельствы на карысць абароны чалавечай годнасці, - заўважыў дыпламат.
Годнасць уласціва кожнаму чалавеку
Арцыбіскуп Кача адзначыў, што карані правоў чалавека ляжаць у годнасці, уласцівай чалавечаму жыццю і роўнай для ўсіх людзей. Кожны член чалавечай сям'і неацэнны, а няздольнасць паважаць і абараняць яго падрывае асновы грамадства.
Прадстаўнік Святога Пасада нагадаў, што ў аснове павагі да роўнай каштоўнасці кожнага чалавека ляжыць права на жыццё, без якога немагчыма рэалізаваць іншыя правы. Святы Айцец звяртаецца да сумлення мужчын і жанчын добрай волі з заклікам абараняць права на жыццё і змагацца з распаўсюджанай культурай адкідаў, якая закранае слабейшых: ненароджаных дзяцей, хворых, інвалідаў і пажылых людзей, - нагадаў папскі дыпламат.
Павага да чалавечай годнасці не можа існаваць без гарантыі асноўных свабод, у тым ліку і свабоды веравызнання, абараняць якое абавязаны ўрады.
Непарыўнасць правоў і абавязкаў
Непарыўна звязаны з паняццем правоў чалавека і абавязкі, ускладзеныя на кожнага чалавека. Гэтая сувязь мае сацыяльнае вымярэнне: у чалавечым грамадстве праву аднаго чалавека адпавядае абавязак усіх астатніх прызнаваць і паважаць гэтае права. Тыя, хто заяўляе пра свае правы, але грэбуе адпаведнымі абавязкамі, - гэта людзі, якія адной рукой будуюць, а другой руйнуюць, - зазначыў арцыбіскуп Кача.
Па словах іерарха, сёння ў свеце, нават у краінах з дэмакратычнымі формамі праўлення, правы чалавека не заўсёды рэалізуюцца ў поўнай меры. Аб гэтым сведчаць адсутнасць свабоды веравызнання, войны і гвалт усіх відаў, генацыд і масавыя дэпартацыі, распаўсюджванне новых формаў рабства, эксплуатацыя працоўных, незаконны абарот наркотыкаў, прастытуцыя. “Наша агульная місія заключаецца ў забеспячэнні таго, каб гэтымі ўніверсальнымі правамі чалавека карысталіся ўсе людзі, усюды, на кожным этапе жыцця”, - сказаў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.