Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява  (©golubovy - stock.adobe.com)

Святы Пасад у ААН: расізм – абраза годнасці чалавека

Роўная годнасць кожнага чалавека патрабуе, каб мы ніколі не заплюшчвалі вочы на расізм, сцвердзіў арцыбіскуп Габрыэле Кача на 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Прадстаўнік Святога Пасада ў ААН выступіў 30 кастрычніка 2023 года на пасяджэнні, прысвечаным тэме ліквідацыі расізму, расавай дыскрымінацыі, ксенафобіі і нецярпімасці. Расізм – гэта зло, якое працягвае захоўваецца ў нашым грамадстве, нягледзячы на відавочныя дасягненні і значныя змены ў заканадаўстве. Ён выклікае напружанасць як унутры краін, так і на міжнародным узроўні, - адзначыў дыпламат.

Усе члены чалавечай сям'і маюць адны і тыя ж асноўныя правы і абавязкі, паколькі ўсе яны валодаюць годнасцю, дадзенай Богам. Само сабой зразумела, што кожны павінен мець роўны доступ да эканамічнага, культурнага, грамадзянскага і сацыяльнага жыцця, а таксама роўнае права на справядлівае размеркаванне нацыянальнага багацця, - дадаў іерарх.

Расізм заснаваны на памылковым перакананні ў тым, што адзін чалавек пераўзыходзіць іншага. Гэта абраза годнасці, уласцівай кожнай чалавечай істоце. Ганебныя акты расізму, ксенафобіі і дыскрымінацыі ў дачыненні да мігрантаў і бежанцаў, з'яўляюцца яркай праявай гэтага менталітэту. Святы Пасад цвёрда перакананы, што мігрантаў трэба разглядаць не як палітычную праблему, а як людзей, якія валодаюць той жа ўнутранай годнасцю і каштоўнасцю, што і кожны чалавек, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

Прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць ростам колькасці выпадкаў рэлігійнай нецярпімасці, дыскрымінацыі і пераследу, і заклікаў урады абараняць права сваіх грамадзян на свабоду веравызнання.

Страх перад чужынцамі можа прывесці да імкнення да аднастайнасці, ліквідацыі ўсіх адрозненняў і традыцый пад выглядам павярхоўнага імкнення да адзінства. Гэты ілжывы ўніверсалізм у канчатковым выніку пазбаўляе свет яго разнастайных фарбаў, яго прыгажосці і, у рэшце рэшт, яго чалавечнасці. Супрацьстаяць гэтаму можна з дапамогай культуры дыялогу, якая прызнае багатыя дары і ўнікальнасць кожнага чалавека і кожнага народа, - зазначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Ён нагадаў словы Францішка аб тым, што "расізм – гэта вірус, які хутка змяняецца і замест таго, каб знікнуць, хаваецца ў чаканні". Ніхто не павінен падвяргацца дыскрымінацыі ні па законе, ні фактычна – па прыкмеце расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці іншага статусу. Роўная годнасць кожнага чалавека патрабуе, каб мы ніколі не заплюшчвалі вочы на расізм, але падыходзілі да кожнага чалавека з адкрытасцю, салідарнасцю і любоўю, - сказаў дыпламат.

31 кастрычніка 2023, 12:36