Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Святы Пасад у ААН: ядзернае раззбраенне па-ранейшаму ў тупіку

У час, калі свету зноў пагражае ядзерная вайна, існуе настойлівая неабходнасць ядзернага раззбраення, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у тэматычнай дыскусіі па ядзерным узбраенням, якая прайшла 17 кастрычніка 2023 года ў рамках 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

На жаль, міжнародны механізм раззбраення па-ранейшаму знаходзіцца ў тупіку, - падкрэсліў ён, выказваючы расчараванне Святога Пасада ў сувязі з палярызацыяй, якая назіралася на першай сесіі падрыхтоўчай камісіі 11-й Канферэнцыі па разглядзе дзеяння Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Адсутнасць справаздачы старшыні камісіі адмоўна адаб'ецца на працы па дасягненню кансенсусу на наступнай Канферэнцыі, якая пройдзе ў 2026 годзе.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў усе дзяржавы-ўдзельніцы зноў заявіць аб сваёй прыхільнасці скарачэнню ўзбраенняў, якое б прывяло да поўнай ліквідацыі ядзернай зброі, а таксама нагадаў пра іх адказнасць прымаць эфектыўныя калектыўныя меры для захавання міру.

Арцыбіскуп Кача асудзіў любую рыторыку, якая пагражае прымяненнем ядзернай зброі, а таксама выпрабаванні ядзерных выбуховых прылад. Такія пагрозы ўзмацняюць напружанасць і ставяць чалавецтва на мяжу катастрофы, - папярэдзіў ён.

На думку ватыканскага дыпламата, сярод цёмных хмар канфліктаў і эскалацыі ёсць досыць месца для надзеі. У сувязі з гэтым Святы Пасад вітае скліканне нарады дзяржаў-удзельніц Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі і спадзяецца на шырокі ўдзел тых бакоў, якія яшчэ не з'яўляецца яго ўдзельнікамі. Іерарх пажадаў удзельнікам нарады прыняць амбіцыйную праграму дзеянняў, якая б спрыяла ядзернаму раззбраенню і нераспаўсюджванню.

Прадстаўнік Святога Пасада прывітаў таксама “насычаныя дыскусіі, праведзеныя ў рабочай групе Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі”, якая хоць і не дасягнула істотных вынікаў, пасеяла “насенне даверу, які можа легчы ў аснову будучых інструментаў кантролю над узбраеннямі”.

18 кастрычніка 2023, 12:39