Пошук

Кляштар Mater Ecclesiae у Ватыканскіх садах Кляштар Mater Ecclesiae у Ватыканскіх садах  (Copyright by Bernard Bialorucki)

Ватыкан: у кляштар Mater Ecclesiae вернуцца манахіні

У кляштар Mater Ecclesiae ў Ватыканскіх садах у канцы года вернуцца прадстаўніцы жаночага кантэмпляцыйнага манаскага ордэна, дзе яны будуць маліцца за Папу і Касцёл.

Ян Глінскі

Нагадаем, з 2013 года пасля адрачэння ад пасады Біскупа Рыма тут жыў Папа-эмерыт Бэнэдыкт XVI. Ад жніўня бягучага года ў кляштары адбываюцца рамонтныя працы.

Манастыр Mater Ecclesiae быў пабудаваны ў гонар Марыі, Маці Касцёла па даручэнні святога Яна Паўла ІІ у 1992-1994 гадах. Святы Айцец хацеў, каб там жылі жаночыя прадстаўніцы кантэмпляцыйных манаскіх супольнасцей і маліліся за Папу і Касцёл. Гэтае месца стала сімвалам цішыні і жыцця, утоенага ад свету.

Адкрыццё кляштара адбылося 13 мая 1994 года, у трынаццатую гадавіну замаху на Яна Паўла ІІ. Было прынята рашэнне, што кожныя пяць гадоў манаскія супольнасці тут будуць змяняцца. У 2009 годзе, з прычыны вялікай зацікаўленасці сярод супольнасцяў, гэты перыяд быў зменшаны да трох гадоў.

За час існавання кляштара тут жылі кларыскі (1994–1999), кармэлітанкі босыя (1999–2004), бэнэдыктынкі (2004–2009), візіткі (2009–2012).

У лістападзе 2012 года распачаўся рамонт кляштара. 2 мая 2013 года ён стаў рэзідэнцыяй Бэнэдыкта XVI, які абвясціў аб сваім жаданні правясці тут рэшту свайго жыцця – адасоблена, у разважаннях і малітве. Пантыфік памёр у сценах гэтага кляштара 31 снежня 2022 года.

У канцы года, пасля заканчэння рамонтных прац, у комплекс прыбудзе супольнасць сясцёр бэнэдыктынак з архідыяцэзіі Буэнас-Айрэс, паведаміла інфармацыйнае агенцтва KAI.
 

27 кастрычніка 2023, 09:30