Удзельнікі Сінода праводзяць рэкалекцыі бліз Рыма
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля экуменічнага малітоўнага чування Разам, якое прайшло ў Ватыкане 30 верасня 2023 года, дэлегаты і госці Сінода Біскупаў прыбылі ў Брацкі дом (Fraterna Domus) у Сакрафана, дзе застануцца да вечара 3 кастрычніка. На наступны дзень, 4 кастрычніка, адбудзецца адкрыццё Сінода Біскупаў па сінадальнасці, які працягнецца да 29 кастрычніка.
Рэкалекцыі ўзначальваюць італьянская бэнэдыктынка Марыя Ігнацыя Анджэліні і айцец-дамініканін з Англіі Цімаці Рэдкліф. Духоўныя практыкаванні распачынаюцца ў 8:45 з малітвы і разважання, прапанаваных сястрой Анджэліні. Затым у 9:30 і 11:30 айцец Рэдкліф праводзіць две медытацыі, якія перамяжоўваюцца момантамі цішыні і прыватнай малітвы. У другой палове дня запланаваныя духоўныя гутаркі ў групах. Затым перад Святой Імшой сястра Анджэліні праводзіць сваё другое разважанне.
1 кастрычніка яна прапанавала ўдзельнікам рэкалекцый паразважаць над наступнай тэмай: “Каб ісці разам, трэба сустрэць Езуса – камень, які адкінулі" (Дз 4,11). Першае разважанне айца Рэдкліфа было прысвечана тэме надзеі, а другое разважанне – таму, як адчуваць сябе “як дома” ў Богу, і як Бог мог бы адчуваць сябе “як дома” у нас.
Апоўдні 1 кастрычніка ўдзельнікі рэкалекцый у Сакрафана "далучыліся да Папы ў малітве Анёл Панскі, пасля якой даведаліся пра правядзенне глабальнага дзіцячага форума ў лістападзе, - паведаміла Зала Друку Святога Пасада.
Увечары 1 кастрычніка Святую Імшу ўзначаліў біскуп Раймон Пуасон, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Канады.
У панядзелак, 2 кастрычніка, сястра Анджэліні і айцец Рэдкліф прапануюць удзельнікам Сінода новыя разважанні. Святую Імшу ўзначаліць аўстралійскі біскуп Энтані Рандаца, які звернецца да прысутных з гаміліяй.
Сачыць за сустрэчамі можна ў прамым эфіры на YouTube-канале ватыканскіх СМІ.