Святы Пасад: семінар на тэму споведзі цяпер і для свецкіх
Ян Глінскі
Дадзены семінар – прапанова для ўсіх, хто прыходзіць да канфесіянала, каб асэнсаваць, чым насамрэч з’яўляецца споведзь. Як падкрэсліў рэгент Апостальскай пэнітэнцыярыі, ксёндз Кшыштаф Нікель, у канфесіянале можа адбыцца “сустрэча з міласэрнасцю Бога; там чалавек можа адрадзіцца нанова і зразумець, якое вялікае значэнне мы маем для Бога”.
Душпастыр патлумачыў, што гэта ўжо другі такі семінар, і арганізаваны ён быў пры вельмі цікавых акалічнасцях. Да пэнітэнцыярыя, які штогод праводзіць курсы для спаведнікоў, сталі звяртацца свецкія студэнты з каталіцкіх навучальных установаў з просьбай аб дазволе ўдзельнічаць у гэтым курсе. Цяпер створана спецыяльная прастора для тых, хто кленчыць ля акенцаў канфесіяналаў.
Удзельнікаў чакаюць цікавыя лекцыі на такія тэмы як адрозненні паміж споведдзю і духоўным кіраўніцтвам, важнасць рахунку сумлення, а таксама пераход ад успрымання споведзі як абавязку да адкрыцця яе як дару. Апошнюю тэму раскрые ксёндз Кшыштаф Нікель.
“Падчас сёлетняга фармацыйнага семінара чатыры асобы – тры жанчыны і адзін мужчына – распавядуць пра досвед Божай міласэрнасці ў сваім жыцці. Гэта асобы, якія сапраўды зведалі ў сваім жыцці Божую міласэрнасць і пасля аўтэнтычнага навяртання сталі цудоўнымі апосталамі Божай міласэрнасці. Яны сведчаць пра гэта штодзень не толькі словамі, але перш за ўсё прыгожым жыццём. Навяртанне неаднойчы адбываецца праз шмат, шмат гадоў, – сцвердзіў святар, нагадаўшы, як часта Папа Францішак навучае пра міласэрную любоў Бога. – Я думаю, што Святы Айцец звяртае нашую ўвагу на гэты аспект, бо міласэрнасць Божая з’яўляецца сэрцам евангельскага паслання. Езус прыйшоў, каб збавіць тых, хто заблукаў, а не асудзіць. Папа падкрэслівае праўду аб тым, што Бог з’яўляецца Айцом бясконцым, міласэрным, Ён заўсёды чакае, бо хоча абудзіць у сэрцах людзей добрай волі давер, надзею на тое, што ў жыцці заўсёды магчымы змены. Заўсёды ёсць шанс на навяртанне і збаўленне”.
Семінар праходзіць на бясплатнай аснове. Удзел у афлайн-фармаце патрабуе рэгістрацыі на сайце Апостальскай пэнітэнцыярыі. Анлайн можна слядзіць за лекцыямі на канале YouTube Дыкастэрыі па справах камунікацыі.