Пошук

Інклюзіўны падел-тэніс Інклюзіўны падел-тэніс 

Амерыканскія спартсмены з ініцыятывай салідарнасці ў Ватыкане

У рамках ініцыятывы "Спартыўная дыпламатыя" амерыканскія зоркі падэл-тэнісу Андрэа Самсан і Андэрсан Гуд сустрэнуцца ў Рыме з моладдзю з абмежаванымі магчымасцямі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

З 13 па 17 лістапада 2023 года пасольства ЗША пры Святым Пасадзе і ватыканскі спартыўны клуб Athletica Vaticana прымаюць у Рыме пасланнікаў спорту Андрэа Самсан і Андэрсана Гуда. Прафесійныя амерыканскія спартсмены стануць сведкамі такіх каштоўнасцяў, як інклюзіўнасць, братэрства, салідарнасць і здаровы лад жыцця.

14 лістапада амерыканскія тэнісісты сустрэнуцца з маладымі людзьмі з сіндромам Дауна і аўтызмам, навучэнцамі школы для глухіх, уразлівымі людзьмі, якімі апекваецца рымскі Карытас, членамі арганізацыі па ахове правоў дзяцей і дыпламатамі.

15 лістапада яны прымуць удзел у агульнай аўдыенцыі Францішка, а таксама наведаюць школу для глухіх на ўскрайку Рыма, каб асабіста сустрэцца з глухімі навучэнцамі і абмеркаваць з імі пытанні інклюзіўнасці.

17 лістапада спартсмены накіруюцца ў рымскі прыгарад Тор-Бэла-Монака, дзе разам з італьянскай арганізацыяй 21 luglio правядуць сустрэчу, прысвечаную тэме пашырэння магчымасцяў маладых жанчын, а таксама сацыяльнага росту маргіналізаваных і ўразлівых супольнасцяў з дапамогай спорту.

Спартыўная дыпламатыя – ініцыятыва Дзяржаўнага дэпартамента ЗША, у рамках якой спартсмены і трэнеры розных відаў спорта супрацоўнічаюць з пасольствамі і консульствамі па ўсім свеце з мэтай пашырэння сярод моладзі спартыўнай культуры салідарнасці і павагі да разнастайнасці. У праграме прымае ўдзел больш за 300 пасланнікаў спорту, якія прадстаўляюць 24 спартыўныя дысцыпліны.

14 лістапада 2023, 14:05