Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Архіўнае фота Кардынал П'етра Паралін. Архіўнае фота 

Дзяржсакратар: дамова аб вызваленні заложнікаў – важны крок

Кардынал П’етра Паралін назваў важным крокам наперад пагадненне, якое Ізраіль і ХАМАС заключылі адносна прыпынення агню і вызвалення каля 50-ці заложнікаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На палях канферэнцыі з нагоды 100-годдзя Пастаяннай камісіі па ахове гістарычнай і культурнай спадчыны Апостальскай Сталіцы, якая прайшла 22 лістапада 2023 года ў Ватыкане, бліжэйшы супрацоўнік Папы паразмаўляў з журналістамі, пракаментаваўшы сітуацыю на Блізкім Усходзе.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што пытанне заложнікаў, на яго думку, з’яўляецца ключавым і менавіта з ім звязаны ваенныя дзеянні, якія праводзіць ізраільская армія. “Калі пачаць вырашаць гэта пытанне, можна спадзявацца на тое, што потым мы прыйдзем да канчатковага перамір’я і пачатку перамоў аб мірным рашэнні гэтага канфлікту, які скрываўлівае Блізкі Усход”, - сказаў ён.

Журналістаў цікавіла ці ўжываў Папа паняцце “генацыд” падчас размовы са сваякамі палесцінцаў, якія знаходзяцца ў сектары Газа, пра што яны заявілі пасля аўдыенцыі ў Святога Айца. Гэта інфармацыя не была пацверджана кіраўніком Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, па словах якога, Пантыфік не выкарыстоўваў гэтага тэрміну, але казаў пра жудасную сітуацыю людзей, якія жывуць у Газе.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што не валодае дакладнай інфармацыяй на гэты конт, але выказаў сумнеў адносна ўжывання Святым Айцом гэтага паняцца ў дадзеным кантэксце, бо яно мае вельмі дакладнае значэнне. “Не ведаю, ці можна ў гэтай сітуацыі казаць пра генацыд”, - сказаў ён, дадаючы, што “гэты тэрмін ужываецца да вельмі спецыфічных сітуацый, якія маюць вельмі дакладныя наступствы на міжнародным узроўні”.

Журналісты заўважылі, што сярод ізраільцян, прынятых Францішкам, выказвалася расчараванне тым, што на завяршэнне агульнай аўдыенцыі ён не згадаў ХАМАС, кажучы пра тэрарызм. “Я лічу, што гэта ў пэўнай ступені адпавядае агульнаму стылю Апостальскай Сталіцы: калі мы паглядзім на прамовы Папы, убачым, што ён ніколі не ўваходзіць у дэталі, не называе па імені і прозвішчы людзей і сітуацыі. Але відавочна, якія сітуацыі ён мае на ўвазе: хто хоча зразумець, той зразумее”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.
 

23 лістапада 2023, 12:08