Пошук

Арцыбіскуп Рына Фізікела Арцыбіскуп Рына Фізікела 

Фізікела: шлях прыгажосці – прывілеяваны для евангелізацыі

Шлях прыгажосці – прывілеяваны для абвяшчэння Евангелля, бо адпавядае жаданню чалавека нашага часу, - падкрэсліў прапрэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Evangelii gaudium – не толькі першы дакумент Францішка, але таксама праграмны дакумент яго пантыфікату. Ён не губляе сваёй актуальнасці і працягвае захоўваць сваю прыцягальную і правакацыйную сілу, - заўважыў арцыбіскуп Рына Фізікела ў інтэрв’ю Vatican News з нагоды 10-годдзя першай Апостальскай адгартацыі Святога Айца, якое адзначалася 24 лістапада 2024 года.

Іерарх падкрэсліў, што ў дакуменце пераплятаюцца ідэі, якія ўзніклі ў выніку сінадальных дыскусій 2012 года, прысвечаных новай евангелізацыі і перадачы веры, і асабістыя думкі Папы: напрыклад пра сацыяльнае вымярэнне, пра патрэбу Касцёла ў беднасці, пра важнасць культурных змен для вырашэнне розных праблем.

Францішак адзначае, што евангелізацыя павінна дапамагаць людзям асабіста сустрэцца з Езусам Хрыстом. Ён кажа, што Касцёл павінен усвядоміць свой місійны характар, адчуваць адказнасць за евангелізацыю і несці сілу і прыгажосць Евангелля ўсім, не выключаючы нікога.

“У Evangelii gaudium Папа Францішак настойвае на тым, што евангелізацыя павінна ўваходзіць у культуры, а для гэтага спачатку іх трэба пазнаваць, спрабаваць зразумець, што ёсць добрага ў іх, вылучаць semina Verba – зерні Слова, прысутнасць хрысціянскай праўды, схаваную ў шматлікіх элементах”, - сказаў арцыбіскуп Фізікела, заўважаючы, што гэта тычыцца таксама лічбавай культуры.

На яго думку, адной з найгоршых небяспекаў для евангелізацыі, уласцівых сучаснай культуры, з’яўляецца індывідулізм, бо евангелізацыя кажа пра сустрэчу, міжасабовыя адносіны, абвяшчэнне і любоў, а “закрытасць у сабе супрацьлеглая гэтаму, яна не дазваляе чалавеку мець глыбокую тоеснасць і дасягнуць асабістай сталасці”.

Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на важнасць перагляду спосабаў прапаведавання. “Наша мова ўсё яшчэ вельмі клерыкальная, семантычнае значэнне якой не зразумелае, і таму нам патрэбна новая мова і новая здольнасць уваходзіць усярэдзіну гэтай культуры, спрабуючы дапамагаць разумець прыгажосць Евангелля”, - падкрэсліў ён.

Арцыбіскуп Фізікела перакананы, што ў актуальным кантэксце, пазначаным войнамі, канфліктамі і гвалтам, хрысціяне павінны несці надзею, будаваць мір, пачынаючы з уласных сем’яў, кварталаў, супольнасцей і гарадоў, а таксама дзяліцца прыгажосцю Евангелля.

“Мне здаецца, што евангелізацыя, як, між іншым, нагадвае ў Evangelii gaudium Папа Францішак, лягчэй адбываецца шляхам прыгажосці, via pulchritudinis, які з’яўляецца прывілеяваным шляхам абвяшчэння Евангелля, бо дазваляе прайсці сцежкамі, што адпавядаюць жаданню, прысутнаму ў людзях нашага часу. Шлях прыгажосці, які пашыраецца ад літаратуры да мастацтва, музыкі, кіно, сузірання прыгажосці, прыроды, літургіі, міжасабовых адносін, можа быць па-сапраўднаму эфектыўным і плённым, каб адпавядаць навучанню Evangelii gaudium”, - заўважыў прэфект Дыкастэрыі па справах евангелізацыі.
 

27 лістапада 2023, 08:41