Пошук

Калядная яліна прыбыла на плошчу святога Пятра

23 лістапада 2023 года на плошчу святога Пятра была дастаўлена калядная яліна. Раніцай яе ўсталявалі побач з абеліскам перад базілікай. Дрэва паходзіць з італьянскіх Альп – яго падарыла вёска Макра ў П'емонце з 48 жыхарамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падарожжа ў бок Ватыкана пачалося ў панядзелак, 20 лістапада, у даліне Майра. Пасля спілоўкі дрэва вышынёй каля 28 метраў на верталёце даставілі да бліжэйшай прасёлкавай дарогі, а затым пагрузілі на спецыяльны грузавік, які рухаўся з хуткасцю не больш за 60 км у гадзіну. У бліжэйшыя дні яліну пачнуць упрыгожваць.

9 снежня, з надыходам цемнаты, на плошчы святога Пятра адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя калядных дрэва і ясляў. Сёлета апошнія створаны па ўзоры італьянскага месца пілігрыамак Грэча.

З завяршэннем літургічнага перыяду Божага Нараджэння, 7 студзеня 2024 года, калядную кампазіцыю разбяруць.

Традыцыйна яліну для плошчы святога Пятра Пантыфіку дораць. Раней, апрача Італіі, гэта рабілі такія краіны як Аўстрыя, Польшча, Славенія, Германія.
 

23 лістапада 2023, 11:49