Кардынал Паралін: многія палітыкі хацелі ўбачыць Папу ў Дубаі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак выздараўлівае, але не хоча падвяргацца рызыцы. Каб пазбегнуць пагаршэння і паправіцца як мага хутчэй, згодна з парадамі ўрачоў, ён прыняў рашэнне адмяніць свой візіт у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, - патлумачыў журналістам кардынал Паралін на палях канферэнцыі, прысвечанай італьянскаму біскупу і місіянеру Луіджы Сэка, якая прайшла 29 лістапада 2023 года ў Палаце дэпутатаў Італіі.
Некалькі дзён таму ў Святога Айца было выяўлена запаленне дыхальных шляхоў, у сувязі з чым ён адмяніў частку аўдыенцый і ўдзел у некаторых мерапрыемствах, у тым ліку ў Канферэнцыі дзяржаў-удзельніц Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату, якая адбудзецца ў Дубаі. Візіт быў запланаваны на 1-3 снежня 2023 года.
Кардынал Паралін заўважыў, што браў удзел у папярэдніх форумах ААН па клімаце, таму, хутчэй за ўсё, адправіцца і на СOP28. Канферэнцыя будзе працягвацца каля двух тыдняў, але ён прыме ўдзел толькі ў яе першай частцы. У склад ватыканскай дэлегацыі ўвойдзе таксама кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, і кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, які 3 снежня прыме ўдзел у падпісанні дакумента з нагоды адкрыцця Павільёна веры на тэрыторыі дубайскага Expo City.
Дзяржсакратар выказаў шкадаванне ў сувязі з адменай візіту Святога Айца на форум, бо ўжо былі запланаваны яго сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў, якія будуць браць удзел у канферэнцыі. “Многія палітыкі прасілі нас аб сустрэчы з Папам”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што гэта “добры знак”. “Мне вельмі шкада, што гэта будзе немагчыма”, - дадаў іерарх, выказваючы спадзяванне на тое, што запланаваныя сустрэчы Пантыфіка з палітычнымі лідарамі ўсё ж змогуць адбыцца ў будучыні.