Пошук

A view of destroyed buildings in northern Gaza, as seen from southern Israel Калонка рэдактара

“Не” – вайне і блізкасць да ўсіх ахвяр

Ватыканскія СМІ не могуць прытрымлівацца той палярызацыі, якая з’яўляецца характэрнай рысай не толькі войнаў, якія трываюць, але і ўвогуле свету, у якім мы жывём сёння, - заўважыў Андрэа Тарніелі.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка - Vatican News

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ заўважыў, што Святы Пасад ужо больш за стагоддзе гучна і выразна заяўляе сваё “не” вайне, усё часцей выказваючыся на гэту тэму ў сувязі з абвастрэннем ваенных пагроз і выкарыстаннем усё больш дасканалай і разбуральнай зброі. Ад прароцкага закліку Бэнэдыкта XV супраць “бессэнсоўнай бойні” Першай сусветнай вайны, да слоў, якія пры кожнай нагодзе скіроўвае Францішак, нагадваючы, што вайна, гэта параза чалавецтва, настаўніцтва Біскупа Рыма ўсё выразней і глыбей праясняе, што не бывае “справядлівых войнаў”, і што нават права на самаабарону павінна быць прапарцыянальным, як вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, - напісаў ён у сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

Тарніелі адзначыў, што пазіцыя Папы і Апостальскай Сталіцы крытыкуецца ад самага пачатку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны, а затым пасля бесчалавечнага і бязлітаснага нападу ХАМАС на мірных ізраільцян і контрнаступу ізраільскай арміі, у выніку якога была зруйнавана вялікая колькасць дамоў у Газе, што прывяло да гібелі тысяч нявінных палесцінцаў. Гэту пазіцыю на працягу доўгага часу прымалі за “нейтральную”, быццам у Ватыкане, з-за эксцэсу дыпламатыі, не ў стане ацаніць пакуты і матывы бакоў канфлікту.

“Таму варта нагадаць, што Апостальская Сталіца ніколі не была “нейтральнай” і “роўнааддаленай”. Яна заўсёды намагалася быць “роўнанабліжанай”, гэта значыць блізкай не да тых, хто пачынае войны, а да тых, хто пакутуе, хто плаціць за наступствы канфліктаў з абодвух бакоў, забітых мірных жыхароў, параненых, маці і бацькаў загінулых салдат, нявінных ахвяр тэрарызму і карных мер”, - заўважыў медыя-эксперт.

“Ватыканскія СМІ не могуць не прытрымлівацца такой жа рэдакцыйнай лініі, адмаўляючыся ад той палярызацыі, якая з’яўляецца характэрнай рысай не толькі войнаў, якія трываюць, але і ўвогуле свету, у якім мы жывём сёння. Трымаць адкрытымі каналы дыялогу з усімі, ніколі не закрываць дзверы ў надзеі на спыненне агню, а потым на перамовы аб справядлівым міры, турбавацца пра нявінных ахвяр, на якім бы баку яны ні былі, разважаць аб больш-менш аддаленых прычынах канфлікту, пазбягаць мовы нянавісці і дэманізацыі – гэта не значыць блытаць агрэсара з ахвярай і тым больш ігнараваць права на самаабарону”, - сцвердзіў ён.

На думку Тарніелі, ёсць канфлікты, у якіх заўзець за адзін з бакоў “вельмі недарэчна, і канфлікт на Блізкім Усходзе безумоўна належыць да іх ліку, бо выкліканы вельмі складанай сітуацыяй, дзе адказнасць адных далучаецца да адказнасці іншых і не апраўдвае яе”.

“Спрабуючы расказаць пра войны, якія працягваюцца, і прапанаваць пажыву для роздуму, наш маяк прадстаўлены прароцкімі словамі цяперашняга Наступніка Пятра, які працягвае перасцерагаць усё чалавецтва ад рызыкі глабальнай вайны і самазнішчэння. Мы стараемся займацца журналістыкай, аддзяляючы факты ад меркаванняў, а таксама сваё меркаванне ад меркавання іншых. Паведамляць пра апошніх, даваць голас асобам, якія падаюцца нам цікавымі, не значыць падзяляць іх. Хутчэй, гэта значыць спрабаваць зразумець, ацэньваючы найбольш крытычныя і найменш ідэалагізаваныя галасы”, - напісаў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

20 лістапада 2023, 16:00