Францішак адкрыў шлях да беатыфікацыі сузаснавальніка СДМ
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У першую чаргу гаворка ідзе пра прызнанне цуду, які быў здзейснены праз заступніцтва аргенцінскага кардынала Эдуарда Франсіска Піроніа (1920-1998). З 1975 па 1984 год іерарх быў прэфектам Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, а з 1984 па 1996 год – старшынёй Папскай рады па справах свецкіх. Ён быў блізкім супрацоўнікам святога Яна Паўла ІІ і прычыніўся да рэалізацыі яго задумы аб заснаванні каталіцкіх Сусветных дзён моладзі, якія кожныя чатыры гады збіраюць разам юнакоў і дзяўчат з усіх куткоў планеты.
Яшчэ тры дэкрэты тычацца прызнання гераічнасці цнот: італьянскага законніка, айца Джузэпэ Мараца (1917-1992), з кангрэгацыі Рагацыяністаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса; індыйскай законніцы, сястры Элісвы ад Найсвяцейшай Панны Марыі (1831-1913, свецкае імя Элісва Вакіл), заснавальніцы кангрэгацыі Трэцяга Ордэна Кармелітак Босых, якая цяпер носіць назву Сясцёр Кармелітак Тэрэзіянак; а таксама італьянскай законніцы, сястры Марыі Франчэскі Фарэсці (1898-1953, свецкае імя Элеанора), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Адаратак.