Пошук

Ксёндз Пабла Бланка Сарта і Франсеск Туральба Расэльё Ксёндз Пабла Бланка Сарта і Франсеск Туральба Расэльё 

Прэмію Ратцынгера за 2023 год атрымаюць тэолагі з Іспаніі

Прэмію Ратцынгера за 2023 год атрымаюць ксёндз Пабла Бланка Сарта і Франсеск Туральба Расэльё. Цырымонія пройдзе 30 лістапада 2023 года ў Апостальскім палацы ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Узнагароду лаўрэатам уручыць кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы. Папярэднічаць урачыстасці будзе навуковая канферэнцыя на тэму Спадчына Бэнэдыкта XVI, якая пройдзе 29 лістапада ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце, і святая Імша ў дзень уручэння прэміі, якая адбудзецца ў Ватыканскіх гротах, ля магілы Ёзэфа Ратцынгера.

Сёлетнія лаўрэаты прэміі паходзяць з Іспаніі. Айцец Пабла Бланка Сарта нарадзіўся ў 1974 годзе ў Сарагосе. Вывучаў іспанскую філалогію, а таксама тэалогію і філасофію. У 1997 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. У 2005 годзе абараніў доктарскую дысертацыі па фундаментальнай тэалогіі і рэлігіі ў вучэнні Ёзэфа Ратцынгера ў Наварскім універсітэце. З’яўляецца выкладчыкам гэтай навучальнай установы, супрацоўнічае з Інстытутам Папы Бэнэдыкта XVI у Рэгенсбургу, а таксама з многімі акадэмічнымі структурамі ў Іспаніі і краінах Лацінскай Амерыкі. Член рэдакцыйнай рады па выданні поўнага збору твораў Ёзэфа Ратцынгера на іспанскай мове. Аўтар шматлікіх даследаванняў і выданняў, прысвечаных жыццю, вучэнню і дзейнасці Бэнэдыкта XVI.

Франсеск Туральба Расэльё – свецкі вернік і бацька пяці дзяцей. Ён нарадзіўся ў 1967 годзе ў Барселоне. Мае доктарскія ступені ў галіне філасофіі, тэалогіі, педагогікі, а таксама гісторыі, археалогіі і хрысціянскага мастацтва. Выкладае ва Універсітэце імя Раймунда Лулія ў Барселоне і ў іншых навучальных установах Іспаніі і ЗША. Педагагічную дзейнасць сумяшчае з пісьменніцкай працай і папулярызацыяй ідэй, якія тычацца філасофскай антрапалогіі і этыкі. Аўтар больш чым 1800 артыкулаў і больш чым 100 кніг.

Прэмія Ратцынгера ўручаецца з 2010 года. Эксперты называюць яе Нобелеўскай прэміяй у галіне тэалогіі. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI. Яго стварыў сам Пантыфік і ахвяраваў у яго даходы ад сваёй літаратурна-тэалагічнай дзейнасці. Падтрымліваюць Фонд і дабрачынцы.
 

04 лістапада 2023, 09:44