Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад індуістам: дыялог – неабходная ўмова міру

Разам будаваць мір на аснове праўды, справядлівасці, любові і свабоды заклікаў Святы Пасад вызнаўцаў індуізму ў пасланні з нагоды свята Дзіпавалі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Віншавальнае пасланне падпісана прэфектам Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардыналам Мігелем Анхелем Аюса Гішотам. Ён нагадаў пра актуальнасць энцыклікі Яна ХХІІІ Pacem in Terris, выдадзенай 60 гадоў таму, калі свет знаходзіўся на мяжы ядзернай вайны. Святы Ян ХХІІІ звярнуўся тады да сусветных лідараў і народаў з гарачым заклікам працаваць разам у імя міру і шукаць мірныя рашэнні праблем у духу ўзаемнага даверу, з дапамогай дыялогу і перамоў.

За апошнія шэсцьдзесят гадоў было зроблена шмат для мірабудаўніцтва і абароны правоў чалавека, але поўная рэалізацыя гэтага прароцтва застаецца далёкай марай, якая можа быць дасягнута “толькі сумеснымі намаганнямі мужчын і жанчын усіх рэлігійных традыцый і ўсіх слаёў грамадства”. Гэтыя намаганні павінны працягвацца і весці да далейшага прагрэсу, - гаворыцца ў пасланні.

На шляху ўмацавання міру і ўсеагульнага дабра нельга паддавацца песімізму, роспачы і адрачэнню, нягледзячы на выпадкі нецярпімасці і нянавісці, несправядлівасці і дыскрымінацыі, гвалту і агрэсіі ў адносінах да тых, хто этнічна, культурна, эканамічна, лінгвістычна ці рэлігійна адрозніваецца ад іншых. Як вернікі, мы павінны імкнуцца да міру з дапамогай паслядоўных і ўзгодненых намаганняў, заснаваных на непахіснай вернасці такім асноўным слупам, як праўда, справядлівасць, любоў і свабода.

Міжрэлігійны дыялог валодае вялікім патэнцыялам для ўмацавання сацыяльнага сяброўства і ўзаемнага даверу паміж міжканфесійнымі супольнасцямі. Хрысціяне і індуісты, аб’яднаныя пачуццём агульнай адказнасці за дабрабыт чалавецтва, закліканы шчыра імкнуцца стаць міратворцамі. “Аб'яднаўшыся з паслядоўнікамі іншых рэлігійных традыцый і ўсімі людзьмі добрай волі, давайце працаваць разам, каб пабудаваць мір на трывалых асновах праўды, справядлівасці, любові і свабоды!”, - гаворыцца ў пасланні Апостальскай Сталіцы з нагоды галоўнага індуісцкага свята Дзіпавалі, якое будзе адзначацца 12 лістапада 2023 года.

07 лістапада 2023, 12:39