Пошук

Сядзіба Дыкастэрыі Веравучэння Сядзіба Дыкастэрыі Веравучэння 

Святы Пасад: транссексуальныя асобы могуць атрымліваць хрост

Дыкастэрыя Веравучэння абнародавала адказы на некалькі пытанняў біскупа Жазэ Нэгры, пастыра дыяцэзіі Санту-Амару з Бразіліі, адносна ўдзелу ў сакрамэнтах хросту і сужэнства транссексуальных і гомасексуальных асоб.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент, падпісаны прэфектам Дыкастэрыі Веравучэння, кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, і ўхвалены Папам Францішкам, быў апублікаваны 8 лістапада 2023 года. Ён пачынаецца з адказу на пытанне: “Ці можа атрымаць хрост транссексуальная асоба?”

Дыкастэрыя Веравучэння падкрэслівае, што “транссексуальная асоба, нават калі прайшла гарманальную тэрапію ці аперацыю па змене полу, можа прыняць хрост, на тых жа ўмовах, што і іншыя вернікі, калі не ўзнікне сітуацый, звязаных з рызыкай публічнага скандалу ці дэзарыентацыі сярод вернікаў”. Незалежна ад таго, ці ідзе гаворка пра дарослага чалавека, пра дзіця ці падлетка, яны павінны быць добра падрыхтаванымі і жадаць гэтага сакрамэнту.

У выпадку калі ўзнікаюць сумневы “ў аб’ектыўнай маральнай сітуацыі чалавека” ці “ў яго суб’ектыўнай схільнасці да ласкі”, гэта значыць калі намер выправіцца праяўляецца не ў поўнай меры, “Касцёл вучыць, што, калі сакрамэнт прымаецца без пакаяння за цяжкія грахі, суб’ект не атрымлівае асвячальнай ласкі, хоць і атрымлівае сакрамэнтальную пячатку”. У дакуменце ўтрымліваецца спасылка на Катэхізіс, дзе гаворыцца пра тое, што гэта пячатка “застаецца на хрысціяніне назаўсёды, як пазітыўная схільнасць да ласкі”.

Прыводзячы словы святога Тамаша Аквінскага і святога Аўгусціна пра тое, што Бог заўсёды працягвае шукаць грэшніка, Дыкастэрыя нагадвае, што калі ён прыходзіць да пакаяння, атрыманы сакрамэнт неадкладна робіць яго схільным да атрымання ласкі. Таму Папа Францішак шматразова казаў, што Касцёл – гэта не мытня, і, асабліва ў тым, што тычыцца сакрамэнту хросту, яго дзверы не павінны быць замкнуты ні перад кім.

Больш праблематычна для транссексуалаў быць хроснымі бацькамі. “Гэта дапушчальна пры пэўных умовах”, але не з’яўляецца правам. “Пастырская разважнасць патрабуе не дапускаць гэтага, калі існуе небяспека скандалу, неапраўданай легітымізацыі ці дэзарыентацыі ў выхаваўчай сферы касцёльнай супольнасці”, - гаворыцца ў дакуменце. Адзначаецца таксама, што ў дзеючым паўсюдным кананічным заканадаўстве няма нічога, што забараняе транссексуальнай асобе быць сведкам падчас удзялення сакрамэнту сужэнства.

Наступныя пытанні тычыліся праблематык, звязаны з удзелам у сакрамэнтах гомасексуальных асоб. Першае з іх: “Ці могуць дзве гомасексуальныя асобы выступаць у якасці бацькоў дзіцяці, якое павінна быць ахрышчана, і якое было ўсыноўлена ці атрымана іншым чынам, напрыклад ад сурагатнай маці?”. Адказ: “Для хросту дзіцяці неабходна наяўнасць абгрунтаванай надзеі на тое, што яно будзе выхавана ў каталіцкай веры”.

Далей разглядаецца выпадак чалавека з гомасексуальнымі схільнасцямі, які жыве ў пазашлюбнай сувязі з іншым і жадае стаць хросным. Дыкастэрыя Веравучэння нагадала, што ад яго патрабуецца, каб ён вёў “жыццё, адпаведнае веры і ролі, якая на яго ўскладаецца”. Іншая справа, калі сужыццё асоб з гомасексуальнымі схільнасцямі заключаецца не проста ў сумесным пражыванні, але ва ўстойлівых і заяўленых адносінах more uxorio (якія прадугледжваюць сужэнскую блізкасць), добра вядомых супольнасці”.

“У кожным выпадку належная пастырская разважнасць патрабуе, каб кожная сітуацыя была мудра ўзважана, каб абараніць сакрамэнт хросту і асабліва яго ўспрыняцце – ён з’яўляецца каштоўным дабром, якое трэба абараняць, бо яно неабходна для збаўлення”, - гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што “ў той жа час трэба ўлічваць рэальную каштоўнасць, якую касцёльная супольнасць надае абавязкам хросным бацькоў, беручы пад увагу іх ролю ў супольнасці, а таксама іх увагу да навучання Касцёла”. Трэба ўлічваць таксама верагоднасць таго, што “ў сямейным коле ёсць чалавек, які можа гарантаваць ахрышчанаму правільную перадачу каталіцкай веры”. Нагадваецца, што можна прысутнічаць пры абрадзе ўдзялення хросту не толькі ў якасці хросных бацькоў, але таксама ў якасці сведкаў хроснага чыну.

Апошняе пытанне біскупа Жазэ Нэгры: “Ці можа чалавек з гомасексуальнымі схільнасцямі, які жыве ў пазашлюбнай сувязі з іншым, быць сведкам пры заключэнні сакрамэнту сужэнства”. Дыкастэрыя Веравучэння адказала, што ў актуальным кананічным заканадаўстве перашкод для гэтага не існуе.
 

09 лістапада 2023, 12:15