Пошук

Кляштар Mater Ecclesiae Кляштар Mater Ecclesiae   (Copyright by Bernard Bialorucki)

У ватыканскім кляштары паселяцца бенедыктынкі з Аргенціны

Папа запрасіў пасяліцца ў ватыканскім кляштары Mater Ecclesiae манахінь з бенедыктынскага абацтва святой Схаластыкі, які знаходзіцца ў аргенцінскай Вікторыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кляштар у самым сэрцы Ватыканскіх садоў, пабудаваны святым Янам Паўлам ІІ, на дзесяць гадоў стаў рэзідэнцыяй для Бэнэдыкта XVI пасля яго адстаўкі ў 2013 годзе.

Кантэмплятыўны ордэн вяртаецца, “каб падтрымліваць Святога Айца ў яго штодзённым клопаце пра ўвесь Касцёл праз служэнне малітвы, адарацыі, праслаўлення і ўзнагароды, уяўляючы сабой малітоўную прысутнасць у цішыні і адзіноце”. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Святога Пасада.

Францішак агучыў сваё рашэнне ў рукапісным лісце ад 1 кастрычніка 2023 года. Манахіні-бенедыктынкі “велікадушна прынялі запрашэнне” Пантыфіка.

Менавіта Ян Павел ІІ у сваім La vita contemplativa ад 25 сакавіка 1994 года кананічна заснаваў у Ватыкане кляштар кантэмплятыўнага жыцця пад назвай Mater Ecclesiae. Бэнэдыкт XVI выказаў жаданне пасяліцца там пасля сваёй гістарычнай адстаўкі 11 лютага 2013 года і правёў пад яго дахам апошнія гады свайго жыцця, суправаджаючы Касцёл малітвай аж да сваёй смерці 31 снежня 2022 года.

Кляштар, - гаворыцца ў паведамленні, - прыме шэсць законніц, якія, згодна са Статутам, утвораць манаскую супольнасць і пачнуць жыць у кляштары з першых дзён 2024 года.

Папа таксама пастанавіў, што за ўсе пытанні, звязаныя з кляштарам Mater Ecclesiae, будзе адказваць Губернатарат Дзяржавы Ватыкан.
 

13 лістапада 2023, 12:38