Кардынал Гамбэці: няхай Ватыкан выпраменьвае міласэрнасць
Марыя Валодзіна – Vatican News
Раніцай 20 снежня 2023 года, напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння, архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра ўзначаліў ля алтара катэдры святую Імшу для ватыканскіх служачых. Ён заклікаў вернікаў рабіць дабро з чыстым сэрцам і з любоўю служыць Святому Айцу і паўсюднаму Касцёлу. На думку іерарха, гэта магчыма толькі калі паўстаць перад Панам з цнатлівым, як у Марыі, сэрцам, у якім няма нічога старонняга, акрамя чыстай любові.
Існуе два тэста, якія дазваляюць зразумець, ці ёсць у чалавека такое стаўленне. Першы тэст – гэта мова. "Вусны кажуць аб паўнаце сэрца", - падкрэсліў кардынал. Па тым, як чалавек выкарыстоўвае мову, можна зразумець, у якім стане знаходзіцца яго сэрца: "у светлым або ў цёмным". Мова павінна быць "прамой, праўдзівай, цвярозай", каб выключыць крывадушнасць і суджэнне.
Другі тэст – намеры чалавека, якія павінны быць звернутымі да Бога, а ўчынкі і дзеянні чалавека павінны адпавядаць гэтым намерам. Кардынал Маўра Гамбэці заклікаў ватыканскіх супрацоўнікаў рабіць сваю працу "не дзеля грошай ці проста па абавязку службы, а каб разам з іншымі будаваць лепшы свет, выкарыстоўваючы свае таленты і ўменні.
Нягледзячы на тое, што нас трывожаць войны, беднасць, уразлівасць, нявызначанасць будучыні, мы павінны вітаць Нараджэнне Бога. Цнатлівае сэрца "з радасцю гатова сустрэць Пана ў любой сітуацыі". Толькі тады перад нашымі вачыма адкрываецца "збаўленне, мір і радасць Божага жыцця", - сказаў архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра, запрашаючы вернікаў маліцца аб тым, каб "Дзяржава Ватыкан выпраменьвала міласэрнасць, з любоўю, якую Езус нясе кожнаму з нас".