Пошук

Адвэнтавае разважанне кардынала Раньера Канталамесы Адвэнтавае разважанне кардынала Раньера Канталамесы   (Vatican Media)

Кардынал Канталамеса: вучыцца евангельскаму запалу ў Яна Хрысціцеля

Па прыкладзе Яна Хрысціцеля кожны можа стаць евангелістам, адзначыў прапаведнік Папскага дома ў першым адвэнтавым казанні, якое прамовіў 15 снежня 2023 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Кардынал Раньера Канталамеса патлумачыў, што першае з двух сёлетніх адвэнтавых казання ён вырашыў прысвяціць Яну Хрысціцелю, другое будзе прысвечана Марыі. Ян Хрысціцель паўстае перад намі ў двух ролях: прапаведніка і прарока.

Ян Хрысціцель – прапаведнік

Папскі прапаведнік працытаваў евангельскія радкі (Лк 3,7-14), якія даюць уяўленне пра вучэнне Яна Хрысціцеля. Ён параўноўвае яго з вучэннем Езуса, кажучы, што ў апошнім адбыўся якасны скачок. У аснове вучэння Яна Хрысціцеля ляжыць заклік пакаяцца, каб прыйшло Валадарства Божае, Езус жа заклікае пакаяцца, бо Валадарства Божае ўжо настала. “Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае.” (Лк 16,16).

Адрозненне двух вучэнняў не проста храналагічнае, але і аксіялагічнае, каштоўнаснае. Маецца на ўвазе, што не выкананне запаведзяў забяспечвае прыход Валадарства Божага, а наадварот, наступленне Валадарства Божае вядзе да выканання запаведзяў. Людзі не змяніліся і не сталі раптам лепш, яны засталіся такімі ж, як і раней. Але Бог паслаў ім Сына Свайго, даўшы магчымасць змяніцца і пачаць новае жыццё, - адзначыў кардынал Канталамеса.

Папскі прапаведнік звярнуў увагу на розныя адносіны Хрысціцеля і Езуса да грэшнікаў. Езус не чакае, пакуль грэшнікі зменяць сваё жыццё, каб прыняць іх. Ён прымае іх такімі, якімі яны ёсць, і гэта падахвочвае грэшнікаў змяніць сваё жыццё. Езус не ўхваляў грэх, але прапанаваў новы сродак супраць граху: не адчужэнне, а прыняцце. Змена жыцця не з'яўляецца ўмовай для навяртання да Езуса, аднак яна павінна быць вынікам гэтага навяртання.

У гэтым пытанні Касцёлу ёсць чаму павучыцца ў сучасных бацькоў, дзеці якіх руйнуюць сябе наркотыкамі, сэксуальным гвалтам, робяць няправільны і часта трагічны выбар... Бацькі зачыняюць дзверы перад іх тварам і выганяюць з хаты. Усё, што яны могуць зрабіць, - гэта паважаць выбар дзяцей і працягваць любіць іх. “Гэтая драматычная сітуацыя ў грамадстве адлюстроўваецца і ў Касцёле. Мы пакліканы выбіраць паміж мадэллю Яна Хрысціцеля і мадэллю Езуса, паміж тым, каб аддаць перавагу Закону, і тым, каб аддаць перавагу ласцы і міласэрнасці”, - сказаў кардынал Канталамеса.

Ян Хрысціцель – прарок

У чым прароцтва Яна Хрысціцеля? – запытаў прапаведнік, адказваючы, што ён выканаў “звышчалавечую задачу”: ён не абвяшчаў будучыню, як іншыя прарокі, а казаў людзям пра тое, што адбывалася ў той час. Лёгка верыць у нешта грандыёзнае, Боскае, калі яно здарыцца калісьці ў нявызначанай будучыні: у тыя дні, у апошнія дні. Складаней, калі гэта адбываецца зараз і тут. У людзей адразу ж узнікае спакуса засумнявацца: няўжо гэты чалавек – доўгачаканы Месія? Веліч і прарочая мужнасць Яна Хрысціцеля ў тым, што ён не абвяшчаў будучае збаўленне, але паказаў людзям прысутнасць Хрыста ў свеце і ў гісторыі, - патлумачыў кардынал Канталамеса, дадаючы, што Езус – сярод нас, а свет нават сёння, праз дзве тысячы гадоў, не пазнае Яго. Прароцкая задача Касцёла такая ж, як і ў Яна Хрысціцеля: страсянуць кожнае пакаленне, пазбавіць яго жудаснай безуважлівасці і слепаты, якія перашкаджаюць распазнаць і ўбачыць святло.

Новая евангелізацыя

Папскі прапаведнік заклікаў вучыцца евангельскаму запалу ў Яна Хрысціцеля. На яго думку, Ян – “не вялікі тэолаг”, “выкарыстоўвае вельмі простыя вобразы”. Але, нягледзячы на беднасць, рудыментарнасць яго тэалогіі, Хрысціцелю ўдаецца перадаць веліч і ўнікальнасць Хрыста. “Па прыкладзе Яна Хрысціцеля, кожны можа стаць евангелістам!” – лічыць іерарх.

Прароцтва Яна Хрысціцеля дае нам падставу для актуальнага і важнага назірання, якое тычыцца "росту" Слова Божага, якое адбываецца па меры таго, як Касцёл ідзе па сваім гістарычным шляху. Пісанне расце разам з тымі, хто яго чытае, - нагадаў прапаведнік.

Хрыстус узяў на сябе ўсе грахі свету – так адлюстравана ў літургічнай і тэалагічнай традыцыі прароцтва Хрысціцеля. Аднак насамрэч гэта толькі палова прароцтва. Ян кажа пра Хрыста як пра Таго, хто "хрысціць Духам Святым"(пар. Ян 1,33; Мц 3,11). Такім чынам, хрысціянскае збаўленне – гэта не толькі нешта негатыўнае, "зняцце граху", але і нешта станоўчае: дар новага жыцця, жыцця Духу, - сказаў кардынал Канталамеса.

Святыя любяць працягваць з Нябёсаў тую місію, якую яны выконвалі пры жыцці на зямлі. “Святы Ян Хрысціцель па-ранейшаму любіць быць папярэднікам Хрыста, рыхтаваць Яму шлях”, - завяршыў сваё казанне прапаведнік, узносячы да святога малітву, з якой да яго звяртаюцца ў Праваслаўнай Царкве.

15 снежня 2023, 12:14