Пошук

Папа Бэнэдыкт XVI Папа Бэнэдыкт XVI  (ANSA)

Ксёндз Ламбардзі пра Бэнэдыкта XVI: настаўнік і сведка веры

31 снежня 2023 года споўнілася першая гадавіна адыходу ў вечнасць Бэнэдыкта XVI. Пра актуальнасць яго спадчыны нагадаў ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі, старшыня Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Тое, што ён быў настаўнікам веры, не падлягае сумневу. Мы не хутка стомімся перачытваць яго Уводзіны ў хрысціянства і трылогію Езус з Назарэта. Тэолагі яшчэ доўга будуць вывучаць поўны збор яго твораў, працягваючы чэрпаць парады і арыенціры для сваіх разважанняў і даследаванняў”, - зазначыў італьянскі езуіт у адмысловым артыкуле для ватыканскіх СМІ. Ён падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI з’яўляецца таксама “яскравым сведкам жыцця ў веры” і “хрысціянскай веры ў вечнае жыццё”.

“Але зараз я хацеў бы адзначыць, што Ёзэф Ратцынгер застаецца каштоўным спадарожнікам для тых, хто горача і дзейсна перажывае перыпетыі жыцця і чалавечай гісторыі на гэтай зямлі, з усімі драматычнымі пытаннямі, якія яна ставіць перад намі сёння”, - адзначыў святар, нагадваючы словы прафесара Франсэска Туральба, сёлетняга лаўрэата Прэміі Ратцынгера, пра тое, што “Бэнэдыкт XVI глыбока прааналізаваў прычыны крызісу нашай эпохі і прапанаваў культуры нашага часу не адмаўляцца ад сучаснага мыслення, але пашырыць яго гарызонты, зноў даючы месца этычнай разважнасці і рацыянальнасці веры”.

Перспектыва Ёзэфа Ратцынгера з’яўляецца ў пэўным сэнсе прапановай дыялогу з сучаснай культурай, якая была прынята з прахалодай ці ўвогуле адкінута. Гэта па словах матэматыка Адзіфрэдзі, з’яўляцца адным з “драматычных” аспектаў пантыфікату Бэнэдыкта XVI, - нагадаў ксёндз Ламбардзі, падкрэсліваючы, што прапанова Ратцынгера з’яўляцца дальнабачнай і неабходнай для шляху дыялогу паміж навукай і верай на аснове глыбокага даверу да чалавечага розуму. “Няхай яна будзе таксама галоўным шляхам для хрысціянскіх высілкаў у сучасным свеце, які не можа абысціся без сур’ёзнага разважання над прычынамі праблем і пошуку кансэнсусу, заснаванага на праўдзе, а не на хісткім умоўным супадзенні інтарэсаў і выгод”, - дадаў святар.

“У хрысціянскім бачанні Бэнэдыкта XVI пашырэнне гарызонту розуму ахоплівае логіку любові, якая выяўляецца ў логіцы бескарыслівасці і ўвасабляецца ў братэрстве, салідарнасці і прымірэнні. Праўда і любоў найбольш поўна праяўляюцца ва ўцелаўленні Логаса, Божага слова”, - напісаў езуіт, дадаючы, што “дзейнасць Касцёла і хрысціян і іх адказнасць за лёс чалавечай гісторыі ў свеце патрабуюць розуму і любові, злучаных у святле, дадзеным верай”. 

Ксёндз Ламбардзі заўважыў, што Бэнэдыкт XVI быў апошнім Папам, які ўдзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы, на якім “пытанне пра Касцёл у свеце нарэшце стала цэнтральным”. Ёзэф Ратцынгер пакідае сведчанне актуальнасці гэтага Сабора і заахвочвае працягваць без страху развіваць яго зерні і спадчыну, пераасэнсоўваючы саму місію Касцёла ў свеце, уключаючы розум і веру ў супрацоўніцтва дзеля дабра і збаўлення чалавецтва і свету, - зазначыў святар, дадаючы, што “служэнне Бэнэдыкта XVI працягваецца ў найглыбейшым руху Касцёла Пана”, якім кіруе Францішак, а потым будуць кіраваць яго наступнікі.
 

31 снежня 2023, 10:14