Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Новыя паштовыя маркі Ватыкана адзначаць важныя падзеі 2024 года

Выпускам адмысловых паштовых марак адзначыць ватыканская філатэлістычная служба шэраг важных падзей і юбілейных дат 2024 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У наступным годзе ў рамках Года малітвы і падрыхтоўкі да Юбілею ватыканскія паштовыя знакі будуць прысвечаны такім тэмам, як пантыфікат Папы Францішка, а таксама ўрачыстасці Вялікадня і Божага Нараджэння.

З’явяцца таксама маркі, прысвечаныя такім тэмам, як падводная флора і фаўна Еўропы і Ідэальная пілігрымка вакол Зямлі на шляху да Юбілею 2025 года.

Плануецца таксама выпусціць маркі, прысвечаныя падарожжам Францішка ў 2023 годзе, а таксама трэцяму году Дзесяцігоддзя экасістэмнага абнаўлення.

Акрамя таго, паштовая служба выпусціць святочныя маркі з нагоды 150-й гадавіны ватыканскай аптэкі, 200-годдзя смерці кардынала Эркале Кансальві, 150-годдзя Сусветнага паштовага саюза, 1700-годдзя заснавання латэранскай базілікі, 53-га Міжнароднага Эўхарыстычнага кангрэса ў Кіта (Эквадор), 170-годдзя асвячэння новай базілікі святога Паўла ў Рыме, 25-годдзя Фонду мірных даследаванняў (Венецыя), 900-годдзя заснавання абацтва Монтевэрджыне, 200-годдзя прароцкага сну святога Яна Боска, 150-й гадавіны нараджэння Гульельма Марконі і 750-годдзя смерці святога Тамаша Аквінскага.

Сумесна з Італіяй Дзяржава Ватыкан плануе выдаць паштовую марку, прымеркаваную да 40-й гадавіны пагадненняў, падпісаных на Віле Мадама, а сумесна з Суверэнным Мальтыйскім ордэнам – да 160-годдзя заснавання італьянскага Чырвонага Крыжа.

450-годдзю з дня смерці італьянскага мастака і мастацтвазнаўцы Джорджа Вазары будзе прысвечана серыя паштовак, а 750-годдзю смерці святога Банавентуры – аэраграма.

Плануецца таксама выпусціць філатэлістычны канверт 2024 года і філатэлістычнае выданне Ватыкан-2023.

02 снежня 2023, 13:08