Пантыфік сустракаецца з кардыналамі-дарадчыкамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News
Сустрэчы праходзяць у Ватыкане ў прысутнасці Папы Францішка.
На мінулым пасяджэнні, якое мела месца 26-27 чэрвеня 2023 года, папскія кансультанты разважалі аб тым, як рэалізаваць дух, прынцыпы і крытэрыі апостальскай канстытуцыі Praedicate evangelium на ўзроўні дыяцэзіяльных курый. Дыскусію вёў кардынал Джанфранка Гірланда.
У сувязі з Сінодам, які працягваецца ў Касцёле, тэмай чэрвеньскага абмеркавання была сінадальнасць. Гаворка ішла і пра абнаўленне агульнакасцёльных законаў і практык для забеспячэння эфектыўнасці механізмаў абароны непаўналетніх на ўзроўні дыяцэзій. Тэмай абмеркаванняў стаў таксама “канфлікт, які працягваецца ва Украіне”.
Чальцамі новай Рады – абноўленай Францішкам 7 сакавіка 2023 года – з'яўляюцца кардыналы: П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы; Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга; Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая з Індыі; Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Бостана з ЗША; Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі; Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Квебека з Канады; Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; Серджыу да Роша, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі. Сакратаром структуры застаўся італьянскі біскуп Марка Мэліна.
Рада кардыналаў была заснавана Францішкам 28 верасня 2013 года з задачай дапамагаць яму ў кіраванні Касцёлам і стварыць праект рэарганізацыі Рымскай курыі, які ў наступстве быў рэалізаваны ў новай апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium. Першая сустрэча групы дарадчыкаў прайшла 1 кастрычніка 2013 года.