Пошук

Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Сінадальны і місійны Касцёл: наступныя крокі на шляху да Сінода-2024

Кардыналы Грэк і Олерыш звярнуліся да біскупаў усяго свету з лістом, у якім патлумачылі крокі, якія неабходна зрабіць у бліжэйшыя месяцы напярэдадні наступнай асамблеі Сінода Біскупаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У рамках падрыхтоўкі да заключнай сесіі Сінода біскупаў па сінадальнасці, якая пройдзе ў кастрычніку 2024 года, яго ўдзельнікі атрымалі чатырохстаронкавы дакумент Сакратарыята Сінода, які суправаджаецца лістом генеральнага сакратара, кардынала Марыё Грэка і генеральнага рэлятара, кардынала Жана-Клода Олерыша.

У дакуменце падкрэсліваецца, што асобныя тэмы “патрабуюць разгляду на ўзроўні ўсяго Касцёла і ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыямі Рымскай курыі”. Да іх адносяцца такія пытанні, як абнаўленне Кодэкса Кананічнага права, Ratio fundamentalis аб святарскім пакліканні і магчымасць жаночага дыяканату. Святы Айцец абярэ з спісу гэтых тэм, тыя па якіх будуць скліканы групы экспертаў з усіх кантынентаў для сінадальнай працы ў супрацоўніцтве з кампетэнтнымі Дыкастэрыямі Рымскай курыі і Генеральным сакратарыятам Сінода Біскупаў. Справаздача аб ходзе гэтай працы будзе прадстаўлена на кастрычніцкай сесіі Сінода Біскупаў у 2024 годзе.

Асноўным пытаннем для разважанняў і дадатковых кансультацый у кожным мясцовым Касцёле ў бліжэйшыя месяцы з'яўляецца пытанне аб місіі сінадальнага Касцёла. У дакуменце тлумачыцца, аднак, што гаворка не аб тым, каб "распачаць з нуля або паўтарыць працэс слухання і кансультацый, які быў характэрны для першага этапу". На гэтым этапе, у дадатак да ўжо створаных на дыяцэзіяльным узроўні груп, важна прыцягнуць экспертаў-тэолагаў, кананістаў, акадэмічныя інстытуты, і ўсіх тых, чый разнастайны досвед, навыкі, харызма, служэнне дапамогуць адказаць на галоўнае пытанне аб місіі сінадальнага Касцёла.

Пасля збору дыяцэзіяльных матэрыялаў біскупскім канферэнцыям даручаецца падрыхтаваць тэкст аб'ёмам не больш за 8 старонак, які павінен быць накіраваны ў Генеральны сакратарыят Сінода да 15 мая 2024 года. На іх аснове будзе складзены праект новага Instrumentum laboris.

Па жаданні, кожны мясцовы Касцёл можа таксама скласці і перадаць у Сінод Біскупаў кароткае (не больш за дзве старонкі) сведчанне аб праведзенай працы і станоўчым досведзе, які ён лічыць "важным для развіцця місіянерскага сінадальнага дынамізму".

Нарэшце, аўтары ліста звяртаюцца да біскупскіх канферэнцыі з просьбай суправаджаць гэты працэс і працягваць спрыяць ініцыятывам па развіцці сінадальнасці і місійнасці Касцёла, збіраць сведчанні і накіроўваць іх у Генеральны сакратарыят Сінода да 15 мая 2024 года.

12 снежня 2023, 13:16