Пошук

Заключнае пасяджэнне судовага працэсу аб фінансавых злоўжываннях Заключнае пасяджэнне судовага працэсу аб фінансавых злоўжываннях  (VATICAN MEDIA Divisione Foto) Калонка рэдактара

Судовы працэс, які гарантаваў правы ўсіх

Судовы працэс аб фінансавых злоўжываннях, які завяршыўся ў Ватыкане, не заслугоўвае назвы “працэсу стагоддзя”, хоць, безумоўна, быў важнай падзеяй, - лічыць галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка - Vatican News

Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News заўважыў, што, дзякуючы празрыстасці судовага працэсу, стала бачна, як у некаторых выпадках ажыццяўляецца кіраванне ватыканскімі фінансамі, а таксама было праліта святло на спробы некаторых знешніх суб’ектаў прысвоіць рэсурсы Касцёла.

Эксперт нагадаў, што шлях празрыстасці быў мужна пачаты Бэнэдыктам XVI і рашуча працягнуты рэформамі Францішка. Ён падкрэсліў, расследаванне справы было ініцыятывай саміх структур Святога Пасада, а судовы працэс быў справядлівым: ён прадугледжваў доўгія дэбаты і гарантаваў правы ўсіх абвінавачаных.

“Пра гэта сведчыць не толькі колькасць судовых пасяджэнняў, дакументаў і выслуханых людзей, але таксама той факт, што многія сведкі, паказанні якіх на пачатку здаваліся вельмі важнымі, у выніку дэбатаў і на падставе прадстаўленых даказальных дакументаў, былі прызнаны нязначнымі”, - адзначыў Андрэа Тарніелі.

Вынік гэтага працэсу, на думку эксперта, таксама кажа пра тое, што суддзі дзейнічалі ў поўнай незалежнасці, на падставе дакументальных доказаў і выслуханых паказанняў, а не загадзя падрыхтаваных тэорый, пакідаючы дастаткова прасторы для правядзення дыскусій. “Такім чынам, прысуд быў вынесены з захаваннем усіх гарантый абвінавачаных, з улікам просьбаў іх абаронцаў і перш за ўсё без змянення працэсуальных норм на карысць абвінавачвання. Пра гэта сведчыць, напрыклад, рашэнне суда прызнаць непрыдатнымі заявы, якія Джанлуіджы Торцы зрабіў падчас допыту Ватыканскай жандармерыяй”, - напісаў ён, маючы на ўвазе паказанні супраць іншых падсудных, якія не былі прызнаныя, бо сам Торцы не з’явіўся ў зале суда, каб паўтарыць і пацвердзіць іх.

Тарніелі нагадаў словы Папы Францішка, які падкрэсліваў, што “праблемай з’яўляюцца не судовыя працэсы, а факты і ўчынкі, якія да іх прыводзяць і робяць іх неабходнымі”. “Прынцыпы празрыстасці, строгі фінансавы кантроль, таксама з боку знешніх аўдытараў, і ўсведамленне таго, што беспакаранасці няма, дазволяць рэалізаваць прынцыпы кіравання касцёльнай маёмасцю, падобныя да тых, якіх прытрымліваецца добры галава сям’і. Гэты працэс паказаў, што Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан маюць неабходныя “антыцелы” для выяўлення магчымых злоўжыванняў або парушэнняў. Ён пацвердзіў, што правасуддзе ажыццяўлялася ў адпаведнасці з працэсуальным кодэксам, з павагай да правоў кожнага з бакоў і ў адпаведнасці з прынцыпам прэзумпцыі невінаватасці”, - заключы ватыканскі медыя-эксперт.

 

18 снежня 2023, 12:07