Святы Пасад пра захаванне праху памерлых пасля крэмацыі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сутыкаючыся з шматразовым павелічэннем колькасці выпадкаў крэмацыі і развейвання праху, і жадаючы даць адпаведны адказ сваякам памерлых згодна з хрысціянскім вучэннем пра ўваскрасенне цела і належную да яго павагу, арцыбіскуп Балонні даслаў у Дыкастэрыю веравучэння запыт, які складаецца з двух пытанняў.
Першае пытанне: улічваючы кананічную забарону на рассейванне праху нябожчыка, ці можна захоўваць прах ахрышчаных у адным асвечаным месцы, падобна таму, як гэта адбываецца ў асуарыях, указаўшы асабістыя дадзеныя кожнага памерлага? Другое пытанне: ці дазваляецца членам сям'і захоўваць частку праху асобна, у месцы, якое мела важнае значэнне для нябожчыка?
Дыкастэрыя дала станоўчы адказ на абодва пытанні. У дакуменце, падпісаным прэфектам, кардыналам Віктарам Фернандэсам і ўхваленым Папам Францішкам 9 снежня 2023 года, нагадваецца, што, паводле інструкцыі Ad resurgendum cum Christo, захаванне праху павінна адбывацца ў святым месцы (на могілках) або ў месцы, спецыяльна адведзеным для гэтага адпаведнымі касцёльнымі ўладамі. Гэта дазваляе захаваць нябожчыка ў памяці і малітвах сваякоў і хрысціянскай супольнасці, пазбегнуць адсутнасці павагі, а таксама непрыстойных ці забабонных практык.
У адказе ведамства Святога Пасада нагадвае, што наша ўваскрасенне адбудзецца ў тым целе, у якім мы жывём, але гэта не азначае “ідэнтычнага аднаўлення часціц матэрыі, з якіх складалася цела". Не будучы простым ажыўленнем трупа, уваскрасенне можа адбыцца нават у выпадку поўнага знішчэння або рассейвання цела. “Гэта дапамагае зразумець, чаму на многіх могілках прах памерлых хаваюць разам, без падзелу на асобныя месцы", - гаворыцца ў дакуменце.
Падкрэсліваецца, што "прах нябожчыка паходзіць ад матэрыяльных парэшткаў, якія былі часткай пройдзенага чалавекам гістарычнага шляху, таму Касцёл з асаблівым клопатам і адданасцю ставіцца да рэліквій святых”. Прах памерлых, які "мы хаваем у святым месцы, прыдатным для малітвы", таксама выклікае ў нас святую павагу.
У адказе Дыкастэрыі веравучэння гаворыцца аб магчымасці “вылучыць асаблівае і пастаяннае святое месца для сумеснага пахавання і захоўвання праху ахрышчаных памерлых, з указаннем асабістых даных нябожчыка, каб не страціць памяць". Такім чынам, Касцёл дапускае магчымасць захавання праху памерлых у адным агульным месцы, як гэта адбываецца ў асуарыях, з асобным надпісам пра кожнага нябожчыка.
Нарэшце, выключыўшы "ўсялякага роду двухсэнсоўнасці пантэістычнай, натуралістычнай або нігілістычнай прыроды" і ў адпаведнасці з грамадзянскімі нормамі, калі прах нябожчыка пахаваны ў святым месцы, касцёльныя ўлады могуць разгледзець просьбу сям'і аб захаванні мінімальнай часткі праху памерлага сваяка ў значным для яго месцы.
Адказваючы на пытанне ватыканскіх СМІ, Дыкастэрыя веравучэння растлумачыла, што яе адказ носіць не толькі кананічны, але і душпастырскі характар, і накіраваны на тое, каб дапамагчы сем’ям зрабіць выбар, прымаючы пад увагу ўсе фактары.
Другое пытанне ўзнікла ў выніку дыялогу кардынала Дзупі з біскупамі розных краін, і адказ на яго быў дадзены з тэалагічнага, а не з грамадзянскага пункту гледжання, улічваючы, што законы некаторых краін не дазваляюць падзяляць прах нябожчыка.