Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©oneinchpunch - stock.adobe.com)

Святы Пасад у ААН: ядзерная зброя дае толькі ілюзію міру

Ядзерная зброя мае катастрафічныя гуманітарныя і экалагічныя наступствы, памнажае рызыкі і прапануе толькі ілюзію міру, - адзначыў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы ў Нью-Ёрку на Другім пасяджэнні дзяржаў-удзельніц Дагавора аб забароне ядзернай зброі, падпісанага ў 2017 годзе і ратыфікаванага 56 краінамі, арцыбіскуп Габрыэле Кача нагадаў, што свет без атамнай зброі "магчымы і неабходны”, а сродкамі яго дасягнення з’яўляюцца дыялог, братэрства і салідарнасць.

Дапамога ахвярам

Па словах ватыканскага дыпламата, прадугледжаныя пагадненнем меры не будуць дастатковымі, калі яны не будуць суправаджацца этыкай раззбраення. “Мір, заснаваны на братэрстве і салідарнасці, павінен імкнуцца не толькі да ліквідацыі ядзернай зброі, але і да вылячэння ран, якія яна нанесла асобным людзям, супольнасцям і нашаму агульнаму дому", - падкрэсліў іерарх.

Уздзеянне на жанчын і дзяўчынак

Раней лічылася, што ядзерная радыяцыя аказвае аднолькавае ўздзеянне на ўсіх ахвяр, але апошнія навуковыя дадзеныя паказалі, што гэта не так: радыяцыйныя наступствы выбухаў ядзернай зброі непрапарцыйна моцна адбіваюцца на жанчынах і дзяўчынках. Сёння вядома, што ў дзяўчынак, якія падвергліся радыяцыйнаму ўздзеянню ў перыяд паміж нараджэннем і пяцігадовым узростам, верагоднасць развіцця рака на працягу жыцця амаль у дзесяць разоў вышэй, чым у сярэднестатыстычнага мужчыны-еўрапейца, - адзначыў арцыбіскуп Кача.

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў неабходнасць далейшага навуковага вывучэння ўздзеяння радыяцыйнага апраменьвання на здароўе жанчын і дзяцей, якое можа прывесці да страты фертыльнасці, выкідышаў і прыроджаных дэфектаў. Гэта неабходна для таго, каб гарантаваць жанчынам і дзецям, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыйнага выпраменьвання, належную дапамогу для захавання здароўя.

Сведкі жахаў ядзернай зброі

На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі хібакушы – японцаў, якія выжылі ў Хірасіме і Нагасакі. Назіральнік Святога Пасада ў ААН нагадаў словы Францішка аб тым, што "яны падтрымліваюць полымя калектыўнай свядомасці, сведчачы наступным пакаленням пра жах таго, што адбылося ў жніўні 1945 года, а таксама пра невымоўныя пакуты, якія працягваюцца да сённяшняга дня".

02 снежня 2023, 11:39