У Ватыкане адбылася інаўгурацыя калядных ясляў і ёлкі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Цырымонію з удзелам афіцыйных дэлегацый з італьянскіх Рыеці і Макры, адкуль сёлета былі дастаўлены стаенка і ёлка, узначаліў кардынал Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан.
Іерарх нагадаў, што сёлета спаўняцца 800 гадоў традыцыі стварэння калядных стаенак, пачатак якой даў святы Францішак Асізскі. Ён заклікаў вернікаў адчуць сябе галоўнымі героямі калядных ясляў, якія з захапленнем сузіраюць нованароджанага Хрыста і гатовы вырушыць у шлях, каб абвяшчаць Яго братам.
Кардынал Альсага расказаў, што пасля перыяду Божага Нараджэнне з яліны, якая ўпрыгожвае плошчу святога Пятра, будуць зроблены драўляныя цацкі для дзяцей. Ён пажадаў, каб агеньчыкі святочнай ёлкі прынеслі шмат радасці і кожны з нас мог стаць святлом для сваіх блізкіх.
Бэтлеемскія яслі на плошчы святога Пятра пераносяць у пячору ля мястэчка Грэча, дзе Францішак Асізскі стварыў “жывыя яслі” ў вігілію Божага Нараджэння 1223 года. Канструкцыя ўстаноўлена на васьмівугольным пастаменце – спасылка на 800-гадовы юбілей, – вакол якой зроблены рэзервуар з вадой – напамін пра раку Вяліну, што цячэ з Рэацінскай даліны і дасягае Рыму.
У цэнтры сцэны – пячора ў Грэча з фрэскай, якая датуецца 1409 годам і прыпісваецца аўтарству аднаго з вучняў школы Джота. Фігуры паказваюць святара, які цэлебруе Імшу, святога Францішка, гатовага ўзяць на рукі маленькага Езуса, Панну Марыю і святога Юзафа, за якімі ляжаць вол і асёл. Прысутнічаюць таксама фігуры трох манахаў і Джавані Веліты з яго жонкай Альцікамай, якія дапамаглі Асізскаму Бедняку зрабіць стаенку.
Сёлета калядныя яслі на плошчы святога Пятра можна разглядаць з усіх бакоў. На іх прадстаўлены копіі фрэсак, якія распавядаюць пра розныя этапы жыцця святога Францішка, зробленыя мастакамі з італьянскай кінастудыі Cinecittà.