У Ватыкане прайшоў канцэрт памяці Бэнэдыкта XVI
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Вечар памяці пра Пантыфіка, памерлага 31 снежня 2022 года, распачаўся прывітальным словам ксяндза Конрада Бэстле, пробашча касцёла Санта-Марыя-Дэла-П’ета. Ён нагадаў, што Ёзэф Ратцынгер вельмі любіў гэта месца і быў членам брацтва Тэўтонскага калегіума, у якім жыў у першыя некалькі гадоў свайго служэння ў Ватыкане, а ў касцёле на Тэўтонскіх могілках цэлебраваў святую Імшу кожны чацвер на працягу 23 гадоў.
Прафесар П’ерлука Азара з Ватыканскага фонда Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, які выступіў арганізатарам падзеі, адзначыў, што “ў гісторыі нямы такога Папы, які б шанаваў музыку, як Бэнэдыкт XVI”.
Падчас канцэрту венецыянскі сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам італьянскага дырыжора Марка Цітота выканаў творы Іагана Себасцьяна Баха, Шарля Франсуа Гуно, Сезара Франка, а таксама шэрагу сучасных кампазітараў.
З нагоды першай гадавіны смерці Бэнэдыкта XVI 30-31 снежня ў Тэўтонскім калегіуме адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная вучэнню і спадчыне спачылага Пантыфіка. Падчас яе, між іншых, выступяць ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі, старшыня Ватыканскага фонда Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI, і кардынал Герхард Людвіг Мюлер, былы прэфект Дыкастэрыі веравучэння.