Ватыкан: прэзентацыя Міжнароднай прэміі па эканоміцы братэрства
Марыя Валодзіна - Vatican News
У прэс-канферэнцыі прымуць удзел сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, сястра Алесандра Смерылі, арцыбіскуп Асізі Даменіка Сарэнціна і айцец Джуліа Альбанезэ, член камісіі, якая прысуджае ўзнагароду.
Мэта прэміі - аказаць канкрэтную падтрымку эканамічным праектам, якія служаць прыкладам братэрскай, салідарнай і інклюзіўнай эканомікі, так званай эканомікі Францішка, распаўсюджваць якую неаднаразова заклікаў Святы Айцец.
Прэмія ў памеры 50 тысяч еўра, заснаваная Фондам санктуарыя Адрачэння святога Францішка ад людскіх дабротаў італьянскай дыяцэзіі Асізі - Ночэра Умбра - Гуальда Тадзіна, будзе ўручана праекту-пераможцу ў галіне братэрскай і справядлівай эканомікі. Акрамя грашовай узнагароды пераможца атрымае абраз святога Францішка і благаслаўлёнага Карла Акуціса і хустку з выявай Адрачэння ад людскіх дабротаў, выкананую дызайнерам Брунела Кучынелі.
Як паведамляецца на сайце прэміі, тэрмін падачы заявак на яе суісканне быў падоўжаны да 31 студзеня 2024 года.
У 2023 годзе ўзнагароду атрымаў праект у Чадзе, дзе была адкрыта пякарня, у якой працуе вулічная моладзь. Дзякуючы гэтай дапамозе беспрацоўныя юнакі і дзяўчаты зараз працуюць, - патлумачыў арцыбіскуп Сарэнціна, заклікаючы падтрымаць наступны праект эканомікі Францішка.