Пошук

Габелен Пакланенне пастухоў з калекцыі Ватыканскіх музеяў Габелен Пакланенне пастухоў з калекцыі Ватыканскіх музеяў   (© Musei Vaticani)

Ватыканскія музеі: спецыяльная праграма да Божага Нараджэння

Тры суботы запар Ватыканскія музеі прапануюць спецыяльную праграму наведвання, прысвечаную тэме Нараджэння Хрыста ў мастацтве. Падарожжа ў часе і прасторы праходзіць ад Музея Піо-Крысціяна да Сікстынскай капэлы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адмысловая ініцыятыва, якую Папскія калекцыі прысвячаюць урачыстасці Божага Нараджэння другі год запар, будзе рэалізавана выключна ў суботы 9, 16 і 23 снежня 2023 года. Яна адрасавана ўсім: сем'ям з дзецьмі, турыстам і пілігрымам, людзям з сэнсарнымі, маторнымі і інтэлектуальнымі асаблівасцямі.

Візіт даступны на італьянскай або англійскай мовах. Гаворка тут ідзе пра розныя спосабы прадстаўлення калядных ясляў на працягу стагоддзяў. Акрамя раннехрысціянскага мастацтва, шмат месца адведзена шэдэўрам Ватыканскай карціннай галерэі. Сярод іх звяртае на сябе ўвагу памерам і ўнікальнасцю твор Пакланенне пастухоў Бартала дзі Фрэдзі XIV стагоддзя. Візіт працягваецца ў цудоўнай галерэі габеленаў, дзе знаходзіцца чарговае Пакланенне пастухоў – габелен паходзіць са школы Рафаэля і быў выраблены ў майстэрні фламандскага творцы Пітэра фон Альста ў Бруселі ў XVI стагоддзі. Кульмінацыяй экскурсіі стане Сікстынская капэла.

"Спецыяльныя калядныя візіты пачаліся ў мінулым годзе і атрымалі вельмі станоўчыя водгукі. Большасць наведвальнікаў сказалі, што ім гэта вельмі дапамагло ў падрыхтоўцы да Божага Нараджэння. (...) Для многіх дзяцей гэта быў першы кантакт з біблейскім апісаннем нараджэння Езуса. Экскурсіі сталі сапраўднай справай евангелізацыі!” - прызналася у інтэрв’ю Vatican News сястра Эмануэла Эдвардс, кіраўнік Аддзела адукацыйнай дзейнасці Папскіх калекцый.
 

07 снежня 2023, 11:00