Пошук

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная сацыяльным праектам базілікі святога Пятра Прэс-канферэнцыя, прысвечаная сацыяльным праектам базілікі святога Пятра 

Юбілей-2025: сацыяльныя праекты базілікі святога Пятра

Пра сацыяльную дзейнасць базілікі святога Пятра ў рамках падрыхтоўкі да Юбілею распавялі на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане 5 снежня 2023 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел архіпрэзбітэр базілікі, кардынал Маўра Гамбэці, старшыня дэпартамента пенітэнцыярнай адміністрацыі Міністэрства юстыцыі Італіі Джавані Руса, заснавальніца і старшыня арганізацыі Другі шанец (Secondo сhance) Флавія Філіпі і заснавальнік і старшыня фонду Дом Духу і мастацтваў (Casa dello Spirito e delle Arti) Арнольда Моска Мандадоры.

Кардынал Гамбэці праілюстраваў сацыяльныя праекты базілікі святога Пятра, прымеркаваныя да Юбілейнага года. Увечары 9 снежня 2023 года з нагоды ўрачыстага адкрыцця калядных ясляў і яліны парафія святога Пятра разам з Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні і пры падтрымцы Губернатара Дзяржавы Ватыкан арганізуе вячэру з бяздомнымі.

У рамках падрыхтоўкі да Юбілею будзе пашыраны час, адведзены для малітвы ў ватыканскай святыні. Кожную суботу ў 21.00 ля алтара канфесіі будзе праводзіцца вячэрняя эўхарыстычная адарацыя.

Па словах кардынала Гамбэці, “пражыць Юбілейны год можна толькі пастаянна абапіраючыся на духоўнае жыццё, якое дазваляе мець просты, сціплы погляд і шырокае сэрца, неабходныя для таго, каб вітаць іншага, прызнаваць яго ў таямнічых глыбінях быцця настолькі падобным да сябе, што адчуваць сябе з ім адзіным цэлым”.

У рамках Юбілею працягнецца цыкл лекцый Lectio Petri, прысвечаных жыццю і служэнню апостала Пятра. Мерапрыемства арганізуе фонд Fratelli tutti у супрацоўніцтве з ініцыятывай Падворак язычнікаў (Cortile dei Gentili).

Сярод іншых ініцыятыў ватыканскай базілікі ў рамках падрыхтоўкі да Святога 2025 Года – стварэнне новых мультымедыйных маршрутаў для пілігрымаў з выкарыстаннем новых тэхналогій. Праект рэалізуецца сумесна з кампаніяй Microsoft.

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Італіі Джавані Руса і заснавальніца арганізацыі Другі шанец Флавія Філіпі прэзентавалі дзейнасць, накіраваную на рэінтэграцыю турэмных зняволеных. У рамках гэтага сацыяльнага праекта ў Фабрыцы святога Пятра быў працаўладкаваны адзін з зняволеных турмы Рэбібія. Ён працуе ў ватыканскай базіліцы электрыкам шэсць гадзін у дзень шэсць дзён на тыдзень. У рымскіх турмах Рэбібія і Рэджына Чэлі вядуцца перамовы па адборы кандыдатаў на іншыя працоўныя месцы ў Фабрыцы святога Пятра.

Старшыня фонду Дом Духу і мастацтваў (Casa dello Spirito e delle Arti) Арнольда Моска Мандадоры распавёў пра праект па стварэнні ружанцаў, які называецца Метамарфоза. Ружанцы вырабляюць з драўляных абломкаў караблёў і лодак - сведак сучаснай драмы мігрантаў, якія прыплываюць у Італію. Марскія ружанцы збіраюць зняволеныя італьянскіх турмаў, якія кожны дзень прыходзяць у Фабрыку святога Пятра, знаходзячы ў працы годнасць і самастойнасць.

05 снежня 2023, 14:43