Пошук

Арцыбіскуп Георг Генсвайн Арцыбіскуп Георг Генсвайн  (ANSA)

Генсвайн: Бэнэдыкт XVI сышоў з пасады з любові да Бога і Касцёла

Бэнэдыкт XVI лічыў вялікай праблемай “бруд усярэдзіне Касцёла”, - прыводзіць словы арцыбіскупа Георга Генсвайна італьянскае выданне Corriere della sera.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа ад самага пачатку казаў, што з улікам яго ўзросту яго пантыфікат будзе кароткім, - адзначыў былы асабісты сакратар Ёзэфа Ратцынгера падчас сустрэчы з вернікамі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Бергама, дзе, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня 2024 года, узначаліў святую Імшу і малітву Нешпараў.

Арцыбіскуп Генсвайн падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI “не ўцёк ад адказнасці”. Ён таксама расказаў пра размову з Пантыфікам аб яго рашэнні сысці ў адстаўку з пасады Біскупа Рыма. Гэта навіна стала “вельмі цяжкім ударам” для яго асабістага сакратара.

“Я сказаў яму: “Святы Айцец, вы не можаце гэтага зрабіць. Але ён патлумачыў, што змагаўся і цярпеў, але больш не меў ні фізічных, ні псіхалагічных сіл, каб спаўняць такія абавязкі”, - дадаў нямецкі іерарх.

Арцыбіскуп Генсвайн апісаў Ёзэфа Ратцынгера, як пастыра з пакліканнем універсітэцкага выкладчыка, які “не нарадзіўся для выканання ўлады”. “Але, калі ён быў абраны Папам і апынуўся перад абліччам такіх пытанняў як педафілія, ён меў моцнае пачуццё адказнасці”, - сказаў іерарх. Яшчэ будучы кардыналам Ратцынгер усведамляў, што вялікай праблемай Касцёла з’яўляюцца “не напады звонку, але бруд усярэдзіне”. Гэта яму дорага каштавала: “Мы ніколі не бачылі, каб ён плакаў, бо ён быў вельмі стрыманым і кантраляваў свае эмоцыі, але яму было балюча”, - сцвердзіў арцыбіскуп Генсвайн.

“Я вельмі сумую па Папу, які памёр 31 снежня 2022 года. Я адчуваю яго духоўную моц, але мне вельмі не хапае яго фізічнай прысутнасці”, - сказаў іерарх, якія, згодна з рашэннем Францішка, вярнуўся ў Германію напрыканцы чэрвеня 2023 года. Цяпер ён пражывае ў духоўнай семінарыі ў сваёй роднай Фрайбургскай дыяцэзіі, не займаючы ніякай афіцыйнай пасады.
 

09 студзеня 2024, 10:34