Кардынал Філоні ў Іерусаліме: нянавісць не ад Бога
Марыя Валодзіна – Vatican News
Кардынал Фернандa Філоні адправіўся ў пілігрымку міру, каб ад імя ўсіх членаў Ордэна Гроба Хрыстовага ў Іерусаліме прадэманстраваць клопат і блізкасць да мясцовага Касцёла. Падарожжа пачалося 28 снежня 2023 і працягнецца да 3 студзеня 2024 года. Вялікага магістра суправаджаюць генерал-губернатар Ордэна Леанарда Вісконці дзі Мадронэ і дырэктар па камунікацыях Франсуа Вэйн.
Канкрэтны жэст салідарнасці
Ад імя ўсіх членаў Ордэна пілігрымы перадалі Лацінскаму Патрыярхату Іерусаліма грашовую дапамогу. “1 студзеня, у Сусветны дзень міру, яны маліліся аб міры для гэтай змучанай зямлі”, - гаворыцца ў паведамленні Ордэна.
Імша з нагоды ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі
Раніцай 1 студзеня 2024 года кардынал Філоні прыняў удзел у Імшы з нагоды ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі, якую ўзначаліў Лацінскі Патрыярх Іерусаліма, кардынал П'ербатыста Піцабала.
Падчас урачыстасці ватыканскі дыпламат падзяліўся некаторымі разважаннямі на тэму міру. На яго думку, мір – гэта "Божы дар" і "фундаментальнае дабро", якое павінен мужна абараняць кожны чалавек. "Мы не можам змірыцца з насіллем", - сказаў Філоні, запэўніўшы ўсіх прысутных на Імшы ў салідарнасці і блізкасці членаў Ордэна Гроба Хрыстовага, якія малітоўна суправаджаюць яго ў гэтай пілігрымцы міру.
У цяжкі для Святой Зямлі і для ўсяго Касцёла час “я хацеў бы сказаць вам, што ўсе нашы члены з вялікай любоўю і занепакоенасцю сочаць за драматычнымі падзеямі, якія абрынуліся на народ Ізраіля і народ Палесціны", - адзначыў Філоні, назваўшы пакуты насельніцтва “беспрэцэдэнтнымі”.
Малітва аб міры
"Касцёл жадае быць інструментам міру і ўзаемаразумення, запрашаючы ўсіх, праз сардэчныя заклікі Францішка і біскупаў усяго свету, адмовіцца ад гвалту, шукаць шлях паважлівага суіснавання для ўсіх, хто жыве на Зямлі, дзе зарадзілася Божае адкрыццё для яўрэяў, хрысціян і мусульман. Нянавісць не ад Бога", - сказаў Вялікі магістр.
У заключэнне ён звярнуўся з малітвай да Марыі "з нованароджаным Дзіцяткам на руках”, просячы яе трымаць і ўмацоўваць Святую Зямлю, “абранай дачкой якой яна была". "Табе, Маці, мы даручаем гэтую ўмілаваную Панам Зямлю, каб яна адкрыла сэрцы і розумы тых, хто адказвае за мір і згоду паміж народамі", - звярнуўся кардынал Філоні.