Кардынал Кох: любоў з’яўляецца асноўным матывам экуменізму
Ян Глінскі
Як заўважыў кардынал Курт Кох, гэтыя словы ўказваюць на любоў, якая з’яўляецца асноўным матывам экуменізму. Ватыканскі іерарх нагадаў, што сімвалам экуменізму любові была сустрэча Паўла VI з праваслаўным Патрыярхам Канстанцінопальскім, якая адбылася 60 гадоў таму ў Іерусаліме.
Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству ў размове з журналістамі Vatican News, Кшыштафам Бронкам і Стэфанам фон Кэмпісам, заўважыў, што на дыялогу з праваслаўем негатыўна адбіваюцца сур’ёзныя напружанні і падзелы ўнутры гэтай сям’і Цэркваў. Так у чэрвені 2023 года ў Александрыі адбыўся сход двухбаковай камісіі, але не хапала на ім прадстаўнікоў чатырох праваслаўных Цэркваў: Рускай, Сербскай, Балгарскай і Антыёхійскай. “Нягледзячы на гэта, быў прыняты важны дакумент на тэму сінадальнасці і аб першынстве ў другім тысячагоддзі і сёння”, - дадаў прэфект.
Як падкрэсліў кардынал Кох, новыя праблемы з’явіліся таксама пасля абвяшчэння ватыканскай дэкларацыі аб благаслаўленнях: “Я сутыкаюся з негатыўнай рэакцыяй экуменічнага свету адносна Fiducia suplicans”. Для прыкладу ён згадаў пра Старажытныя ўсходнія Цэрквы, якія хочуць закрануць гэтае пытанне падчас бліжэйшай сустрэчы. “Я лічу, што ў экуменічным дыялогу мы павінны пераасэнсаваць, чым з’яўляецца благаслаўленне і якая сувязь паміж навучаннем і душпастырствам. Гэтыя пытанні цяпер зноў актуальныя, і пра іх трэба гаварыць”, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Кажучы пра экуменізм у дачыненні да Цэркваў, якія паўсталі ў выніку Рэфармацыі, кардынал Кох указаў на неабходнасць зноў паглыбіць духоўнае вымярэнне, бо на пачатку экуменічнага руху быў малітоўны рух.
“Папа Бэнэдыкт XVI аднойчы выразіў гэта з дапамогай прыгожага вобразу: лодка экуменізму ніколі не адплыла б у адкрытае мора, калі б яе не несла плынь малітвы... Экуменічны рух, – дадаў іерарх, – першапачаткова быў малітоўным рухам і павінен ім заставацца, таму што асновай экуменізму з’яўляецца першасвятарская малітва з 17 раздзела Евангелля паводле Яна. Цікава тое, што Езус не прадпісвае еднасці, Ён моліцца аб еднасці. А калі Езус маліўся аб еднасці сваіх вучняў, дык што лепшага можам зрабіць мы?”.