Кардынал Кох: мір патрабуе справядлівасці і праслаўлення Бога
Ян Глінскі
“Калі ён абмяжуе гэтае пасланне, то адыдзе ад яго, перастане заглыбляцца ў яго, абвяшчаць яго з перакананнем, што можа даць людзям самы вялікі з усіх дароў”, – падкрэсліў кардынал Курт Кох.
“Хрысціянства ў Еўропе знаходзіцца ў вельмі крытычнай сітуацыі. Гэта датычыць усіх хрысціянскіх Цэркваў, не толькі Каталіцкага Касцёла”, – адзначыў іерарх. На яго думку, адной з прычын крызісу з’яўляецца няпростая сітуацыя саміх Цэркваў, што звязана з балеснай праблемай злоўжыванняў духавенства. У той жа час кардынал Кох указаў на больш глыбокія праблемы, адна з якіх – адсутнасць евангелізацыі.
“Мы не надта перакананыя ў каштоўнасці і прыгажосці паслання, якое было нам даручана і якое мы павінны абвяшчаць, а потым у нас не хапае адвагі яго абвяшчаць. Магчыма, так адбываецца таксама таму, што мы не ведаем ужо ўласнай веры, – заўважыў ватыканскі іерарх і нагадаў, што першынства ў веры належыць Богу, які першы прамовіў да чалавека. – Ён не з’яўляецца Богам, які маўчыць, але Богам, які кажа, які прамовіў да народа Ізраіля, які прамовіў у Езусе і аб’явіўся нам. Вера – гэта не выдумванне чагосьці з нуля. Вера азначае: Бог мне аб’явіўся, а маім адказам з’яўляецца тое, што я веру Яму”.
Кардынал Кох разважаў пра крызіс Касцёла і яго ўплыў на грамадства: тыя, хто выракаецца веры ў Бога, становяцца ахвярамі забабонаў. “Смерць Бога ў выніку вядзе да смерці чалавека”, - перасцярог іерарх.
Прэфект указаў на невыпадковасць таго, што сёння ў пары ідуць аборты і эўтаназія. “Калі прадуктыўнасць становіцца найвышэйшай каштоўнасцю, то чалавечае жыццё, якое яшчэ не можа нічога дасягнуць: жыццё ненароджанае, дзіцячае, і чалавечае жыццё, якое ўжо не можа нічога дасягнуць: старое, хворае, паміраючае, – ужо не маюць высокага рыначнага кошту, – падкрэсліў швейцарскі кардынал. – Сур’ёзныя праблемы, звязаныя з пачаткам і канцом жыцця, вынікаюць таксама са страты веры”.
“У гэтым кантэксце, думаючы аб грамадстве, я хацеў бы, каб людзі апамяталіся і спынілі страшныя войны. Хрысціянства ўносіць тут значны ўнёсак, бо яно мае яснае разуменне таго, што значыць мір, – працягваў кардынал Кох. – Мір павінен быць звязаны са справядлівасцю, а таксама з праслаўленнем Бога”.
“Давайце сур’ёзна паставімся да песні анёлаў на Божае нараджэнне: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі”. Нам заўсёды падабаецца слухаць другую частку, і мы забываем пра першую. Толькі тады, калі будзе аддавацца пашана Богу, якую Ён заслугоўвае, на зямлі можа сапраўды запанаваць мір”, – сцвердзіў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.