У кітайскай дыяцэзіі Вэйфан пасвечаны новы біскуп
Марыя Валодзіна - Vatican News
Абодва рашэнні – аб стварэнні новай дыяцэзіі і прызначэнні біскупа – былі прынятыя Францішкам у красавіку 2023 года. Іх абнародавалі ў дзень біскупскага пасвячэння новага пастыра Сун Вэньцзюня, якое прайшло 29 студзеня 2024 года. Папскае прызначэнне адбылося 20 красавіка 2023 года ў рамках часовага пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай.
Тэрыторыя дыяцэзіі Вэйфан займае плошчу 16 167,23 км2. Тут пражывае 9 386 705 жыхароў, каля 6000 з іх – католікі. У новай дыяцэзіі працуюць 10 святароў і 6 манахінь.
Біскуп Сун Вэньцзюнь нарадзіўся ў лістападзе 1970 года. З 1989 па 1994 год вучыўся ў Шэшанскай семінарыі ў Шанхаі. Быў пасвечаны ў святары ў 1995 годзе ў Пекіне. Затым нёс пастырскае служэнне ў правінцыі Шаньдун з 2005 па 2007 год. У перыяд з 2007 па 2008 год знаходзіўся ў Ірландыі, дзе працягваў адукацыю. Вярнуўшыся ў Вэйфан, працягнуў там сваё пастырскае служэнне.