У ватыканскі кляштар прыехалі бенедыктынкі з Аргенціны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Цяпер, па волі Францішка, манастыр вяртаецца да свайго першапачатковага прызначэння. Тут будуць маліцца сёстры з абацтва святой Схаластыкі ў Вікторыі, у правінцыі Буэнас-Айрэс.
Кляштар знаходзіцца ў самым цэнтры Ватыканскіх садоў. У ім пасяліліся шэсць аргенцінскіх законніц, якіх вітаў кардынал Фернанда Вергес Альсага. Як старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, ён адказвае за ўсе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з кляштарам Mater Ecclesiae. Неўзабаве пасля прыбыцця бенедыктынкі накіраваліся для малітвы ў грот Лурдскай Маці Божай, які знаходзіцца недалёка ад іх новага дома.
Як паведаміў Святы Пасад, сёстры пасяліліся ў кляштары, “каб падтрымліваць Святога Айца ў яго штодзённым клопаце пра ўвесь Касцёл праз служэнне малітвы, адарацыі, праслаўлення і ўзнагароды, уяўляючы сабой малітоўную прысутнасць у цішыні і адзіноце”.
Першая супольнасць кляўзуровых манахінь была кананічна заснавана ў Ватыкане Янам Паўлам ІІ яго кароткім дакументам La vita contemplativa ад 25 сакавіка 1994 года.
Супольнасці сясцёр мяняліся кожныя некалькі гадоў. У інтэнцыі Папы маліліся кларыскі, кармэліткі босыя, бенедыктынкі і візіткі. Бэнэдыкт XVI выказаў жаданне жыць у гэтым месцы пасля свайго гістарычнага сыходу 11 лютага 2013 года, таму правёў тут апошнія гады жыцця, падтрымліваючы супрацоўнікаў Святога Пасада і суправаджаючы Касцёл малітвай аж да сваёй смерці 31 снежня 2022 года.