100 гадоў таму педыятрычны шпіталь Bambino Gesù стаў Папскім
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Гісторыя гэтага буйнога медыцынскага цэнтра распачалася з размяшчэння дванаццаці бальнічных ложкаў у палацы, які належаў герцагам Арабэлі і Сцыпіёну Сальвіяці на вуліцы Дзакалеці ў Рыме. Крыху менш чым праз дванаццаць гадоў, у 1887 годзе, установа пераехала ў старажытны кляштар святога Ануфрыя на пагорку Янікул, дзе размяшчаецца да сённяшняга дня.
На першым этапе бальніца насіла характар прыватнай дабрачыннай ініцыятывы. Заклапочаныя будучыняй установы, герцагі Сальвіяці вырашылі перадаць яе ва ўласнасць Святога Пасада і Папы Пія ХІ. Афіцыйная цырымонія адбылася 20 лютага 1924 года.
На працягу апошніх ста гадоў адкрываліся новыя аддзяленні бальніцы: яшчэ ў 1917 годзе з’явіўся філіял клінікі ў мястэчку Санта-Марынэла на ўзбярэжжы Тырэнскага мора; у 1978 годзе – у Палідора; у 2012 годзе – у рымскім раёне Сан-Паўла, а ў 2022 годзе – у Пасаскура. Шпіталь рыхтуецца да інтэграцыі ў італьянскую нацыянальную сістэму аховы здароўя і атрымання статуса навукова-даследчай і ўніверсітэцкай клінікі.
На 2030 год запланавана перамяшчэнне Bambino Gesù у новую сядзібу: яна адкрыецца на тэрыторыі былога рымскага шпіталя Фарланіні. Адпаведнае пагадненне з італьянскімі ўладамі было заключана 8 лютага 2024 года. Рашэнне аб пераездзе было прынята ў сувязі з вычарпаннем сядзібай на Янікуле магчымасцей для далейшага пашырэння.
Bambino Gesù – адна з найбуйнейшых педыятрычных медыцынскіх устаноў у свеце. У 2022 годзе клініка атрымала больш за 95 тысяч зваротаў у аддзяленне хуткай дапамогі, здзейсніла 29 тысяч шпіталізацый, 32 тысячы хірургічных умяшанняў і аказала 2,5 мільёна амбулаторных паслуг. У 2023 годзе пад наглядам было каля 18 тысяч дзяцей з рэдкімі захворваннямі. Папская бальніца займацца правядзеннем самых складаных аперацый і аказвае дапамогу дзецям з усяго свету, у тым ліку маленькім ахвярам войнаў ва Украіне і на Блізкім Усходзе.