Арцыбіскуп Галахер прыме ўдзел у Дыпламатычным форуме ў Анталіі
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, здзяйсняе чатырохдзённы візіт у Турцыю.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
28 лютага 2024 года папскі дыпламат цэлебраваў святую Імшу ў катэдральным касцёле ў Стамбуле, якая была прымеркавана да 11-й гадавіны абрання Францішка на Пасад святога Пятра. 29 лютага адбудзецца яго сустрэча з Патрыярхам Канстантынопальскім Барталамеем І.
Галоўная мэта падарожжа арцыбіскупа Галахера – удзел у Дыпламатычным форуме ў Анталіі 1-2 сакавіка. Буйное міжнароднае мерапрыемства, якое пройдзе ўжо ў трэці раз, будзе прысвечана тэме: Акцэнт на дыпламатыі ў крызісны перыяд. На ім збяруцца кіраўнікі 20 дзяржаў і ўрадаў, каля 90 міністраў, главы знешнепалітычных ведамстваў 60 краін, прадстаўнікі каля 80 міжнародных і рэгіянальных арганізацый, а таксама бізнесмены, эксперты і навукоўцы.
29 лютага 2024, 09:50