Арцыбіскуп Палья ў Індыі: Касцёлу трэба развіваць сямейную тэалогію
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Нам трэба рабіць больш, значна больш, каб абвяшчаць Евангелле сем'ям, а тэалагічная рэфлексія ўсё яшчэ слабая", - падкрэсліў арцыбіскуп Палья, адкрываючы 1 лютага 2024 у Індыі курсы, арганізаваныя Інстытутам навук аб сужэнстве і сям'і імя Яна Паўла II.
"Тэалогія, пачынаючы з вучэння Францішка і вялікіх перамен нашай эпохі, сутыкнулася з новай задачай – неабходнасцю адэкватнага і абноўленага падыходу да тэмы сям'і. На жаль, тэалагічных разважанняў пра сям'ю, як сукупнасць узаемаадносін, усё яшчэ недастаткова. Шмат увагі надавалася саюзу мужа і жонкі, аспекту сужэнскай любові, асабліва з юрыдычна-кананічнага пункту гледжання, хоць у Кодэксе кананічнага права практычна адсутнічае сямейнае права. Але вельмі рэдка сустракаецца сапраўдная сямейная тэалогія, за некаторымі рэдкімі выключэннямі. Неабходна неадкладна развіваць больш глыбокую тэалогію сужэнства", - лічыць іерарх.
Арцыбіскуп Палья падкрэсліў, што "было б сур'ёзнай памылкай скасаваць розніцу паміж мужчынам і жанчынай. Гэтае скасаванне, якім бы ні быў жыццёвы праект чалавека, з'яўляецца стратай для ўсіх. (...) Асноўныя рысы гэтага адрознення і запавет, якому яно ў першую чаргу прызначана, павінны ўспрымацца як дар, а не як перашкода". Біблейскае пасланне ясна кажа аб тым, што мужчына і жанчына паходзяць ад Бога і непарыўна звязаны, не могуць жыць адзін без аднаго, нагадаў старшыня Папскай акадэміі жыцця.
"І калі праўда, што сужэнства непарыўнае, то тым больш праўдзівай з’яўляецца непарыўнасць сувязі Касцёла з яго дзецьмі: яна нагадвае тую сувязь, якую Хрыстус усталяваў з Касцёлам, поўным грэшнікаў, якіх любіў, калі яны яшчэ былі грэшнікамі. І якіх ніколі не пакідае", - адзначыў арцыбіскуп Палья.
Візіт прадстаўніка Святога Пасада ў Індыю працягнецца заўтра, 2 лютага 2024 года. Ён наведае Бангалор, дзе прыме ўдзел у пленарным пасяджэнні Біскупскай канферэнцыі і выступіць з прамовай на тэму штучнага інтэлекту.