Другое разважанне кардынала Канталамесы: патрэбна толькі адно
Марыя Валодзіна – Vatican News
Працягваюцца духоўныя рэкалекцыі, у рамках якіх Святы Айцец і кіраўнікі ватыканскіх дыкастэрый прысвячаюць час малітве і разважанням над Словам Божым. З гэтай нагоды штодзень з 19 па 24 лютага ў сацыяльных сетках Vatican News будуць апублікованыя кароткія разважанні кардынала Раньера Канталамесы.
У першым відэароліку прапаведнік патлумачыў, што яго папрасілі падрыхтаваць аднахвілінныя разважанні. На яго думку, словы Езуса здольныя сказаць за хвіліну столькі, што іх можа хапіць для разважанняў на цэлы дзень і нават на ўсё жыццё.
У другім відэароліку, апублікаваным 20 лютага, прапаведнік паразважаў над евангельскім урыўкам аб Марыі і Марце. "Словы Езуса ў Евангеллі маюць вельмі высокую канцэнтрацыю. Іх смакуюць па кроплі. Сённяшняй кропляй стануць словы Езуса да Марты, “занятай многімі паслугамі”: “Марта, Марта, патрэбна толькі адно” (Лк 10, 42). Сёння гэтыя словы адрасаваныя кожнаму з нас. Патрэбна толькі адно! Калі ў цябе ёсць гэтае адно, то ў цябе ёсць усё, нават калі ты не маеш нічога іншага. Калі ў цябе няма гэтага, у цябе няма нічога, будзь тваім хоць увесь свет!” - падкрэсліў кардынал Канталамеса.
“Пра тое, чым з'яўляецца гэтае адзінае неабходнае, я хацеў бы, каб вы даведаліся ад вялікага філосафа і верніка XIX стагоддзя Сёрэна К'еркегора, каб вы не думалі, што толькі мы, прапаведнікі, так лічым. Ён казаў: "Шмат кажуць пра марна страчаныя жыцці. Але марнатраўным з'яўляецца толькі жыццё таго чалавека, які дазволіў яму прайсці, ашуканы радасцямі жыцця і клопатамі, так ніколі і не зразумеўшы, што ёсць Бог і што ён, менавіта ён, стаіць перад гэтым Богам" (К'еркегор, Хвароба да смерці) Аб тым, што з'яўляецца гэтым адзіным неабходным, Езус казаў у дзвюх прыпавесцях. Гэта скарб, за які варта прадаць усё. Гэта каштоўная пярліна, за якую варта аддаць усе пярліны свету (Мц 13, 44-45). Адзінае, што патрэбна – гэта Валадарства Божае, гэта значыць Бог!” - завяршыў сваё разважанне Прапаведнік Папскага дома.