Кардынал Краеўскі: Пане, пакорліва малю аб цудзе міру для Украіны
Марыя Валодзіна - Vatican News
Ватыканская газета L'Osservatore Romano апублікавала разважанні прэфекта Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, прысвечаныя другой гадавіне вайны ва Украіне.
“Апошнія два гады я нашу значок са сцягам Украіны, каб не забываць пра вайну, пра тое, што кожны дзень у абедзвюх ваюючых краінах гіне мноства людзей, многія застаюцца сіротамі, удовамі, атрымліваюць раненні. Два гады я адчуваю сябе ўкраінцам і пакутую разам з імі. Два гады я малюся аб міры, і штодзень, падчас Святой Імшы, спыняюся ў цішыні пасля малітвы Ойча наш, просячы Пана збавіць нас ад злога і дараваць мір”, - напісаў Папскі элемазінарый.
“Цягам двух гадоў я штодзень малюся, каб абодва прэзідэнты і іх дарадцы селі за стол перамоваў і тым самым выратавалі чалавечыя жыцці. Пакуль яны гэтага не зробяць, чарада смерцяў будзе працягвацца”, - лічыць іерарх.
“Па даручэнні Святога Айца я пабываў ва Украіне сем разоў і бачыў тое, што ніколі не павінна адбывацца: чалавек забівае чалавека, брат – брата. Падобна на тое, што вайна пачалася з-за пачуцця адплаты супраць народа, які мае права жыць у свеце”, - адзначыў кардынал Краеўскі.
“За гэтыя два доўгія гады я ўбачыў вялікую, неверагодную салідарнасць. Сустрэў шмат людзей добрай волі, якія прысвячаюць свой час і рэсурсы, каб дапамагчы блізкім, мільёнам бежанцаў, якія з-за вайны былі вымушаныя пакінуць свае дамы з адным пластыкавым пакетам у руках. Многія людзі добрай волі дагэтуль прымаюць у сваіх дамах украінскіх бежанцаў. Гэта другі твар гэтай праклятай вайны, ён усяляе надзею”, - падзяліўся Папскі элемазінарый.
“Я ўдзячны Пану за тое, што з аднаго толькі Рыма, дзякуючы падтрымцы многіх неабыякавых людзей, нам удалося адправіць больш за 240 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай у рэгіёны, спустошаныя вайной”, - напісаў прэфект Папскай элемазінарыі.
Іерарх нагадаў словы Францішка аб тым, што “кожная вайна – параза”. Ён падкрэсліў, што ўсе дзяржавы працягваюць вырабляць і прадаваць зброю, зарабляючы на гэтым вялікія грошы, што амаль ніхто, акрамя Святога Айца, не кажа пра мір. “Паўтараюць толькі адну фразу: Хочаш міру, рыхтуйся да вайны. Так прымушаюць купляць зброю”, - лічыць кардынал Краеўскі.
“Асабіста я напаўняюся мірам, калі адчуваю міласэрнасць”, - адзначыў ён, дадаючы, што “Міласэрнасць – гэта другое імя Бога, першае – любоў. Найважнейшая запаведзь заклікае нас любіць Бога і бліжняга”. Мір – гэта не толькі спыненне агню, перамір'е, але і міласэрнасць, прабачэнне і просьба аб прабачэнні.
“На першым месцы ў чалавека павінен быць Бог, на другім – блізкі, на трэцім – ён сам”, - лічыць іерарх.
“У гэтыя дні з рымскай парафіі святой Сафіі па даручэнні Францішка адправіцца яшчэ адзін грузавік з харчаваннем для ўкраінскага народа. Гэта дапамога людзям, змучаным вайной, якія аднак не страцілі надзею і перакананыя, што мір яшчэ магчымы”, - распавёў Папскі элемазінарый.
“Мы павінны падтрымліваць іх малітвай, якая для вернікаў можа перамясціць горы, не кажучы ўжо пра тое, каб спыніць гэтую бессэнсоўную вайну”, - завяршыў сваё разважанне кардынал Краеўскі.
“Пане, пакорліва прашу Цябе аб цудзе міру. Ты, Усемагутны, ведаеш, што нам патрэбен мір, які можаш даць толькі Ты. Дай тым, хто яму спрыяе, упартасці ў дабры, а тым, хто яму перашкаджае, знайсці вылячэнне, прымірыцца з Табой і са сваімі братамі і сёстрамі, адвярнуўшыся ад зла, бо кожная вайна – гэта заўсёды параза”.