Пошук

Кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства Кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства 

Кардынал Ю: святары нясуць радасць секулярызаванаму свету

З 6 па 10 лютага 2024 года ў Ватыкане праходзіць міжнародная канферэнцыя па бесперапыннай адукацыі святароў, у якой прымаюць удзел каля 1000 чалавек з 60 краін свету. У праграме малітвы, разважанні, даклады і слуханне ў сінадальным стылі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Тэма канферэнцыі: Распалі дар Божы, які ёсць у табе (2 Цім 1, 6). Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Дыкастэрыя па справах духавенства, Дыкастэрыя па евангелізацыі і Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў. Большасць удзельнікаў складуць святары, але будуць таксама і свецкія вернікі і верніцы.

8 лютага 2024 года ўдзельнікаў канферэнцыі прыме на прыватнай аўдыенцыі Францішак. Прэфекты трох Дыкастэрый падвядуць вынікі працы ў суботу, 10 лютага 2024 года. У базіліцы святога Пятра пройдзе Эўхарыстычнае набажэнства, якое ўзначаліць кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства.

У інтэрв'ю Vatican News кардынал Ю распавёў аб тым, як узнікла ініцыятыва правядзення канферэнцыі. “Зразумела, што ў сучасным свеце святарам патрэбна падтрымка. Нават святы Павел у сваім пасланні да Цімафея, які адчуваў сябе трохі збянтэжаным, пісаў: "Распалі дар Божы, які ёсць у табе", - нагадаў іерарх, дадаючы, што шчасце быць вучнем Хрыста не прыходзіць раптоўна, яно заўсёды патрабуе развіцця, пастаяннай адукацыі, падрыхтоўкі і суправаджэння.

Адпраўной кропкай канферэнцыі стане апытанне, праведзенае ў апошнія месяцы біскупскімі канферэнцыямі. Яно тычылася дакумента Ratio Fundamentalis Institutionis sacritotalis аб адукацыі святароў. Кардынал Ю распавёў, што ў Дыкастэрыю па справах духавенства прыйшло каля 800 адказаў з розных куткоў свету. З іх вынікае, што святарам патрабуецца лепшая падрыхтоўка. Разам з кансультантамі і экспертамі Дыкастэрыя “працуе канкрэтна над гэтым”. Плануецца таксама запусціць сайт Дыкастэрыі, каб “стварыць сусветную сетку, дапамагаць адзін аднаму і разам рухацца наперад”, - адзначыў іерарх.

На пытанне пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца святары ў сучасным свеце, кардынал Ю адказаў: "Я бачу, што многія святары скардзяцца на адзіноту, а таксама на тое, што сённяшні свет вельмі секулярызаваны”. Каб пераадолець гэта, святары, як маладыя, так і пажылыя, павінны клапаціцца адзін пра аднаго, разам жыць, працаваць і служыць. “Гэта значыць для нас сінадальны Касцёл”, - патлумачыў іерарх.

Сінадальны стыль будзе выкарыстоўвацца таксама падчас канферэнцыі. У невялікіх групах з сямі-васьмі чалавек удзельнікі будуць дзяліцца сваім досведам. Вопытам таксама падзеляцца эксперты на нацыянальным і дыяцэзіяльным узроўнях. Матэрыялы апублікуюць на сайце Дыкастэрыі. “Гэта будзе вельмі карысна для будучыні”, - лічыць кардынал Ю.

“Спадзяюся, што падчас канферэнцыі мы зразумеем, дзе мы знаходзімся, якім шляхам ісці, які Касцёл, якія святары, якая адукацыя нам неабходныя. (...) Святары нясуць свету шмат радасці, таму Касцёл будзе ўсё больш шчаслівым, смелым, пойдзе наперад са сваім канкрэтным сведчаннем”, - сказаў прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства, заклікаючы людзей маліцца за святароў.

06 лютага 2024, 12:52