Пошук

2018.09.27 Conferenza cure palliative Pontificia Accademia per la Vita

Новая штаб-кватэра Папскай акадэміі жыцця

З 1 сакавіка 2024 года Папская акадэмія жыцця пераедзе ў новую сядзібу ў палацы святога Калікста ў рымскім раёне Трастэверэ. Дагэтуль яе офіс размяшчаўся на вуліцы Канчыліацыёнэ (via Conciliazione), якая вядзе да плошчы cвятога Пятра.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Новы паштовы адрас Акадэміі: Pontificia Accademia per la Vita, Piazza San Calisto 16, 00153 Roma, а афіцыйны адрас – Palazzo San Calisto, 00120 Città del Vaticano. Гэта звязана з тым, што комплекс палаца святога Калікста – экстэрытарыяльная зона Дзяржавы Ватыкан на тэрыторыі Італіі.

Палац святога Калікста, у якім размяшчаюцца розныя ўстановы Рымскай курыі, знаходзіцца побач з базілікай Маці Божай у Трастэверэ (Santa Maria in Trastevere). У яго двары размешчаны калодзеж, у якім у 222 годзе – паводле традыцыі – прыняў пакутніцкую смерць папа Калікст I, быўшы кінутым у яго з млынавым жорнам на шыі падчас бунту ў Рыме.

Папская акадэмія жыцця была заснавана ў 1994 годзе Янам Паўлам ІІ для правядзення даследаванняў у галіне прасоўвання і абароны чалавечага жыцця і годнасці, а таксама звязаных з гэтым біямедыцынскіх і прававых праблем. У 2016 годзе Францішак змяніў статут Акадэміі, пашырыўшы сферу яе дзейнасці на іншыя тэмы, такія як садзейнічанне ўзаемнай павазе паміж людзьмі розных полаў і пакаленняў і якасці чалавечага жыцця.
 

28 лютага 2024, 10:27