Пошук

Малітоўная сустрэча ў Жэневе з нагоды Сусветнага дня міру Малітоўная сустрэча ў Жэневе з нагоды Сусветнага дня міру 

Прадстаўніцтва Святога Пасада ў Жэневе адзначыла Сусветны дзень міру

30 студзеня 2024 года прадстаўніцтва Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе правяло малітоўную сустрэчу з дыпламатычнай супольнасцю і прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пачынаючы з 2009 года жэнеўская місія Святога Пасада ў ААН штогод арганізуе такія сустрэчы сумесна з дыяцэзіяй Лазаны, Жэневы і Фрайбурга.

Сёлета традыцыйная сустрэча прайшла ў касцёле святога Мікалая з Флуэ, у сталіцы Швейцарыі. У ёй прынялі ўдзел прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот, а таксама паслы, кіраўнікі міжнародных арганізацый, супрацоўнікі дыпламатычных місій, прадстаўнікі хрысціянскай, яўрэйскай, мусульманскай і будыйскай супольнасцяў, недзяржаўных арганізацый і вернікі дыяцэзіі.

Адкрыў мерапрыемства Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН, арцыбіскуп Этарэ Балестрэра. Ён звярнуўся да прысутных з прывітальным словам.

Затым кардынал Аюса Гішот пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з пасланнем Францішка на Сусветны дзень міру, які сёлета быў прысвечаны тэме штучнага інтэлекту. Ён падкрэсліў, што мір магчымы толькі тады, калі тэхнічны прагрэс суправаджаецца этычнымі рамкамі, натхнёнымі годнасцю чалавечай асобы, агульным дабром і братэрствам.

Кароткімі разважаннямі падзяліліся госці мерапрыемства: рабін Бэнадмон, старшыня пратэстанцкай царквы Жэневы, спадарыня Эбэрле, дырэктар Міжнароднага будыйскага цэнтра, спадар Дхаміка, прадстаўнік грэчаскай Праваслаўнай царквы, мітрапаліт Максім, і ганаровы старшыня AISA International, шэйх Бэнтунэс.

Разважанні перамяжоўваліся малітвамі на англійскай, арабскай, іспанскай, кітайскай, рускай і французскай мовах, а таксама музыкай, якую выканалі філіпінскі і афрыканскі хары парафіі. Госці атрымалі ў падарунак аліўкавую галінку ў знак сумесных намаганняў на карысць міру. Біскуп Лазаны, Жэневы і Фрайбурга Чарльз Марэрод завяршыў вечар малітвай аб міры святога Францішка Асізскага.

01 лютага 2024, 10:31